У Гродне 7 ліпеня з гараджанамі правялi сустрэчу вядомыя беларускія апазіцыянеры Мікалай Статкевіч i Вячаслаў Сiўчык. Мэтай візіта палітыкаў у горад над Нёманам было распавесці гродзенцам пра дзейнасць Беларускага нацыянальнага кангрэса.

Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны па ініцыятыве групы грамадскіх і палітычных дзеячаў у мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў. Першае пасяджэнне БНК прайшло 28 мая 2016 года.

«У Гродне больш за год таму была створана рэгіянальная кааліцыя дэмакратычных сіл і яе ўзначаліў прадстаўнік БХД Сяргей Верамеенка, — распавядае Мікалай Статкевіч. —  А мы, як лідэры кааліцыі, прыехалі ў Гродна, каб сустрэцца з мясцовым актывам і гаражанамі. Мэта была расказаць гродзенцам аб дзейнасці БНК. Лічу, што яе мы выканалі: распавялі, адказалі на пытанні і паслухалі людзей.»

Тое, што ўлады прыпынілі дэкрэт на год, меркаваннем Мікалая Статкевіча, заслуга ў тым ліку і гродзенскіх актывістаў, якія не баяліся і выводзілі людзей на масавыя акцыі. Спыняца на дасягнутым кааліцыя не збіраецца: «Мы паказалі, што народ незадаволены, ён актыўны і гатовы супраціўляцца». Таму праца актывістаў мае шмат падставаў для працягу.