Супрацоўнікі Гроднажылбуд ужо два дні здымаюць частку абшыўкі Каложскай царквы, каб спецыялісты і архітэктары змаглі агледзець стан драўлянай сцяны. Яна мае патрэбу ў рамонце.

Згодна з апошнімі высновамі камісіі БНТУ і Гроднаграмадзянпраекта, якія займаюцца вывучэннем храма, драўляная частка царквы — у перадаварыйным стане і патрабуе неадкладнага дзеяння. Калі спецыялісты сталі вывучаць магчымасці рамонту згнілых крокваў, яны пераканаліся, што немагчыма іх аднавіць не закрануўшы драўляную сцяну, на якую яны абапіраюцца.

Ужо цяпер вядома, што ў будучыні адрамантаваная сцяна будзе, як і раней, драўляная. Калі пачнецца яе рамонт, спецыялісты дадуць адказ толькі пасля даследавання сцяны.

Вядома, што драўляная сцяна храма была цалкам замененая ў 1956 годзе, а ў 1977 годзе яе рамантавалі.