Знаходку — 5 розных бутэлек — выявілі працоўныя 23 чэрвеня. Бутэлькі былі схаваныя пад мурам ля старой сцяны. Хто і калі туды іх схаваў, на заводзе нават не здагадваюцца.

Галоўны інжынер Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода Юрый Валковіч распавёў Hrodna.life, што бутэлькі гэта не першая старая знаходка на заводзе. Магчыма, у будучыні знойдзеныя бутэлькі і іншыя рэчы стануць экспанатамі музея на тэрыторыі завода.

Вядома, што будынкі, дзе знаходзіцца Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод, маюць сваю багатую гісторыю, пачынаючы з канца 19 стагоддзя. Там у 1882 годзе адкрыў свой бровар яўрэйскі прадпрымальнік Лэйба Слуцкі.