Больш за 20 студэнтаў Аграрнага ўніверсітэта на чале з выкладчыкам кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Святланай Радзівонавай у сераду 21 чэрвеня ў рамках вучэбнай практыкі правялі больш за дзве гадзіны ў Гродзенскім батанічным садзе. За гэты час вопытнай камандзе ўдалося вывучыць рэдкія расліны, а таксама правесці за імі пільны догляд.

Упершыню ў батанічны сад, які зараз актыўна адраджаюць, прыйшлі будучыя спецыялісты і правялі догляд за дрэвамі і хмызнякамі. Да гэтага раслiны толькі саджалі і палівалі. Рабілі гэта школьнікі і прадстаўнікі Зелянбуда.

«У нашых студэнтаў факультэта аховы раслін зараз праходзіць вучэбная практыка па батаніцы — вывучаем дзікарослыя расліны, пустазельныя, культурныя, а таксама дэкаратыўныя. — распавядае Святлана Радзівонава. — Сёння мы прыйшлі ў батанічны сад не проста так, мы паспрабавалі асвоіць догляд за рэдкімі раслінамі. Мы сумясцілі практыку з гісторыяй і традыцыямі, што для студэнтаў вельмі карысна.

Заразмы пачалі, а ў будучыні будзем прыходзіць і глядзець у якім стане расліны, калі ж ім патрэбна будзе наша дапамога, то мы гатовыя яе аказваць".

Зусім нядаўна ў батанічны сад у парку Жылібера правялі ваду і пачалі перапіс раслін. На сённяшнi дзень актывiсты, якiя займаюцца адраджэннем саду, высветлілі, што з 2011 года ў iм было высаджана 95 дрэў і хмызнякоў, але на 2017 год іх колькасць скарацілася ўдвая.