У пасляабедзенны час у аўторак 20 чэрвеня гродзенцам сталі прыходзіць смс-паведамленні з папярэджаннем ад МНС аб неспрыяльных умовах надвор’я: «Моцны вецер. Магчыма падзенне старых канструкцый і дрэў. МНС». Падобнае папярэджанне было абвешчана і па радыё.

На працягу цэлага дня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі назіраецца моцны парывісты вецер да 24 м/с. А таксама ў некаторых месцах праходзіць навальніца, град, залевы і нават дождж са снегам. МНС нагадвае, што ў такіх сітуацыях грамадзянам трэба быць асцярожнымі.

Рэкамендацыі для насельніцтва пры моцным ветры:

* Прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом (склеп).
* Машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба умацаваных канструкцый.
* Знаходзячыся на вуліцы, абыходзьце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам.
* Пазбягайце дрэў і розных пабудоў павышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў).

Нагадаем, роўна год таму ў Гродне прайшоў ураган, які з каранямі вырываў у горадзе дрэвы, якiя падалi на будынкi і машыны. Акрамя гэтага, тады моцны вецер пагнуў крыж на Бернардзінскім касцёле і зрываў рэкламныя табліцы.