Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Антыкафэ «Партал» і яшчэ чатыры праекты: на што збіраюць грошы праз краўдфандынг у Гродне

Адміністратары "Партала"

Цэнтр развіцця і адпачынку “Партал” пашыраецца, а дапамагчы ў гэтым можа кожны. Праз краўдфандынгавую пляцоўку “Талака” можна ахвяраваць грошы на абсталяванне чацвёртага пакою ў цэнтры. У якасці падзякі – значкі, кубкі, сувеніры, абанементы ды іншае.

Цэнтр развіцця і адпачынку “Партал” – гэта антыкафэ, дзе праходзяць самыя розныя мерапрыемствы, адукацыйныя сустрэчы, трэнінгі і вечары настольных гульняў. Тут можна адзначыць Дзень нараджэння, папрацаваць, скарыстацца Wi-Fi. Тут працуюць клуб настольных гульняў, клуб англійскай мовы і чайны пакой, дзе можна прадэгуставаць і набыць чай. «Партал» актыўна супрацоўнічае з некамерцыйнымі арганізацыямі і ініцыятывамі.

Развіццё “Партала” стрымлівае недахоп месца і абсталявання. Тут ёсць тры абсталяваныя пакоі, а ў чацвёртым акурат скончыўся рамонт. На мэблю і абсталяванне трэба 4000 рублёў – іх парталаўцы акурат плануюць сабраць з зацікаўленых гараджан. За першыя дні кампаніі ўдалося сабраць 3% – 150 рублёў.

Так выглядае адрамантаваны пакой у Цэнтры адпачынку і развіцця «Портал»
А так пакой павінен выглядаць ужо цалкам абсталяваны

На што яшчэ можна ахвяраваць грошы ў Гродне?

Краўдфандынг робіцца ўсё больш папулярным у Беларусі. У Гродна зараз адначасова ідзе збор яшчэ на чатыры праекты. Што цікава, усе — культурніцкія.

Біг-Міні-Фестываль вулічных мастацтваў

Чарговы Фестываль вулічных мастацтваў пройдзе 29-30 ліпеня. З мясцовага канцэрту з адной пляцоўкай ён пераўтварыўся ў буйную падзею, якая збірае творчых асоб з усёй краіны. Фэст пройдзе шосты раз і будзе па традыцыі бясплатным.

Сёлета арганізатары плануюць зрабіць яго міжнародным і прыцягнуць у Гродна бязвізавых гасцей. Грошы патрэбныя, каб аплаціць дарогу замежным выступоўцам. Да 21 ліпеня трэба сабраць 11 130 рублёў. Пакуль сабрана 46 рублёў.

Чытайце яшчэ:  "Разам можам выйсці на міжнародны ўзровень". Біг-Міні-Фестываль шукае падтрымкі неабыякавых людзей

Беларускія ігральныя карты «Карты Лапіных»

Да 18 чэрвеня можна ахвяраваць сродкі на выданне беларускіх ігральных карт«Карты Лапіных» – гэта рэканструкцыя карт, якія калісьці выдаваліся братамі Лапінымі на гродзенскай фабрыцы. Ідэя праекту ўзнікла ў творчага згуртавання “А-чатыры”, калі на гарышчы будынка былой фабрыкі Лапіных былі знойдзены некалькі запыленых асобнікаў, надрукаваных там больш за 70 год таму. На рэалізацыю праекта сабрана 30%: 1015 рублёў з 3325.

Чытайце яшчэ:  Сустрэча стагоддзяў: у Гродне параўналі старыя і новыя ігральныя карты Лапіных

Фестываль мыльных бурбалак

Першы ў Гродне Фестываль мыльных бурбалак можна падтрымаць да 15 чэрвеня. У праграме – масавы пуск мыльных бурбалак, выступленне танцавальных калектываў, аніматары, роставыя лялькі, кантактны заапарк, розыгрыш прызоў і падарункавых сертыфікатаў. Свята арыентавана на маленькіх гродзенцаў. Ініцыятар – гродзенскі фокуснік Мікалай Нардзі, які правёў шмат дзіцячых святаў і ведае, якое захапленні ў дзяцей выклікаюць бурбалкі. Каб свята адбылося, да 15 чэрвеня трэба сабраць 2 500 рублёў. Пакуль сабраны 1%: 15 рублёў.

Арт-Салата-2017

Гэта ўжо трэці пленэр, які праходзіць на базе сядзібы “Тры бабры” у вёсцы Салацце, што каля Парэчча. Сюды прыязджаюць вядомыя мастакі, дызайнеры і архітэктары каб ствараць арт-аб’екты з былых у выкарыстанні кабельных барабанаў, паддонаў і піламатэрыялаў, якімі потым упрыгожваецца вёска і яе наваколлі. У праграме – творчыя вечары Віктара Шалкевіча і Зміцера Вайцюшкевіча, самастойная праца спонсараў, правядзенне футбольнай сустрэчы, Купальскі вечар. Да 11 ліпеня трэба сабраць 5 500 рублёў. Пакуль ніхто не ахвяраваў грошы гэтай ідэі.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары