Валанцёры «Адданага сэрца» звярнуліся да гродзенцаў па дапамогу: яны атрымалі штраф 115 рублёў (5 базавых велічынь). У маі жыхарка Гродна Д. напісала заяву ў міліцыю на валанцёраў, якія ў пустым полі без наморднікаў выгульвалі сабак. Жывёлы нікога не чапалі.

Пасля адміністрацыйнай камісіі і атрымання штрафу ў прытулку спынілі выгул сабак да часу, пакуль не агародзяць сеткай тэрыторыю. Жывёлы, якія вышэй за 25 см, увесь гэты час будуць сядзець у вальерах, бо ўсіх наморднікамі забяспечыць немагчыма.

«Гэтая непрыемная гісторыя адбылася 20 мая, у той момант, калі ў прытулку рамантавалі вальеры, а сабакі былі прывязаныя побач на не агароджанай тэрыторыі, — распавядае старшыня „Адданага сэрца“ Алена Шыманiца. — Жывёлы былі пад кантролем. Грамадзянцы Д., якая ішла са сваімі дзецьмі каля прытулку, не спадабалася, што з-за брэху сабак прачнулася дзіця».

Ля прытулку адбыўся канфлік, жанчына выказала меркаванне, што тут сабакі бегаюць без наморднікаў і павадкоў, таму могуць пакусаць дзяцей.

Замест дапамогi — даюць штраф

Жанчына напісала заяву ў міліцыю. Некалькі дзён праводзілася адміністрацыйная праверка, у выніку «Адданаму сэрцу» далі штраф — 5 базавых (115 рублёў) за тое, што на тэрыторыі прытулку валанцёры выгульвалі сабак без наморднікаў і павадкоў. Плюс выгул сабак у неналежным месцы.

«На камісіі жанчына адразу сказала, што мы — ненармальныя сабачнiкi, што жывёлы для нас важней за людзей. Яна казала, што мы ўвесь час выпускаем жывёл з прытулку натоўпам без павадкоў. Але такое немагчыма. У выніку нас аштрафавалі, камісія спаслалася на правілы ўтрымання сабак, хоць у iх нідзе не напiсана што ў полі трэба гуляць з сабакам у намордніку», — расказвае Алена.

У «Адданым сэрцы» былі б радыя, каб ім прапанавалі дапамогу ад горада — абгарадзілі тэрыторыю для выгулу, а не штрафавалі.

Прытулак перапоўнены — сабак часова не бяруць

На сённяшні дзень валанцёры спынілі выгул вялікіх сабак — рыхтуюць наморднікі і збіраюць грошы на штраф ды агароджу тэрыторыі. Прытулак жыве цалкам за кошт ахвяраванняў. Валанцёры ў свой вольны час дапамагаюць бяздомным жывёлам — даглядаюць і шукаюць новы дом.

«Мы стараемся, але ўсё пацягнуць не хапае сіл. Зараз у нас штраф, купля ежы, аплата арэнды, а тут яшчэ чарговы збіты сабака, якому патрэбна аперацыя. Мы просім дапамогі ў неабыякавых гараджан. Калі збярэцца больш грошай, чым нам патрэбна, яны пойдуць на стэрылізацыю жывёл».

Сабак у прытулку цяпер каля 40. Часцей за ўсё непатрэбных жывёл людзі прывязваюць да плота прытулку, каб валанцёры іх забралі. Зараз прытулак перапоўнены, валанцёры часова перасталі браць жывёл.