Афіцыйныя матчы па рэгбі прайшлі ў Гродне 10 чэрвеня ўпершыню пасля 45-гадовага перапынку. У другім туры чэмпіянату Беларусі, які праходзіў на стадыёне гімназіі № 2, гродзенскі «Рух» правёў чатыры матчы і здолеў атрымаць у іх адну перамогу.

Паназіраць за супрацьстаяннем каманд прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. У асноўным тыя, хто жыве недалёка ад стадыёна. У гэты дзень у Гродна прыехалі тры мінскія дружыны: «Харугва», «Сцяпянка і „Мінск“, а таксама каманда з Гомеля» Кватро". Гродзенцы правялі з кожным супернікам па матчы і толькі аднойчы здолелі дамагчыся перамогi.

«Рух» — «Харугва» 5:27
«Мінск» — «Рух» 0:46
«Рух» — «Сцяпянка» 14:26
«Кватро» — «Рух» 36:0

«Нашы гульцы незадаволеныя вынікамі, бо выйгралі толькі адну гульню, а прайгралі больш дасведчаным супернікам. Вынік чаканы, ён у першую чаргу залежыць ад колькасці гульняў і трэніровак праведзеных поўным складам каманды, — распавядае гулец і трэнер гродзенскай дружыны Юрый Аколаў. — Але ёсць i станоўчыя моманты: нашы спаборніцтвы гэта для Гродна гiстарычная падзея. З часу апошніх афіцыйных матчаў па рэгбі ў горадзе прайшло 45 гадоў. Тады, у 1972 годзе, у Гродне праходзіў чэмпіянат СССР. Тады мы гулялі ў класiчнае рэгбі, сёння ў нас рэгбі-7. Гэта новы від, які з’явіўся каля 10 гадоў таму, і ён ужо алімпійскі».

Прыезджым камандам арганізацыя спаборніцтваў у Гродне спадабалася, хоць Юрый Аколаў лічыць, што можна было і лепш падрыхтавацца: на вялікім стадыёне, з музыкай, выязным гандлем, інфармацыяй па тэлебачанні, забеспячэннем харчавання гульцоў. Але для ўсяго гэтага патрэбныя сродкі для арганізацыі, а з васьмю гульцамі каманды гэта зрабіць немагчыма.