Рэканструкцыя будынка па вуліцы 1-й Працоўнай набліжаецца да канца праз 1,5 гады пасля пачатку работ. На першым паверсе там павінна адкрыцца піцэрыя, на другім будуць офісы.

Вуліца Працоўная, на якой усяго некалькі дамоў, знаходзіцца каля Вялікай Траецкай, насупраць аўтастаянкі па вуліцы Дамініканскай. Восенню 2015 года фірма «Ізолтрэйд» пачала рэканструкцыю двух закінутых будынкаў № 10 і № 12, злучаных у адзiн. Планавалася, што рэканструкцыя завершыцца ў маі 2016 года. Цяпер звонку будынкі гатовыя, а ўнутраныя работы яшчэ iдуць.

У час рэканструкцыі працоўныя прыбралі дах і другі паверх злучаных будынкаў, цяпер гэтыя часткі - навабуд з газасілікатных блокаў. Аднак аб’ём будынку захаваны. Па словах будаўнікоў, на першым паверсе пасля рэканструкцыі можа адкрыцца чарговая піцэрыя сеткі Pizza&Coffee. На другім паверсе будуць офісы.

Гістарычная даведка

Дом № 10 па вуліцы 1-й Працоўнай быў пабудаваны ў 1878 годзе, суседні дом № 12 — у пачатку 1900-х у стылі электыкі. У час Другой сусветнай дамы сталі прытулкам для вязняў гродзенскага гета. Верагодней за ўсё, пабудовы пасля вайны злучылі ў адзін будынак, але нумарацыя дамоў засталася.