Паніхіда на спачын душ паэта і яго бацькоў прайшла ў Гродне 25 мая. На магіле маці паэта на старых праваслаўных могiлках праводзіў малітву святар Пакроўскага сабора Павел Каспяровіч у саслуженні дыякана Барыса Барадзінчыка.

На могілкі прыйшлi паэты Данута Бічэль і Алесь Чобат. Гэта былі адзіныя людзі, акрамя святароў і журналістаў, якія прыйшлі ўшанаваць памяць Багдановiчаў.

«Максім Багдановіч — адзін са славутых беларускіх паэтаў. Нам прыемна, што жыццё яго звязана было з Гродна, ён тут жыў і тут пахавана яго маці. Сёння гэта наш абавязак — прыйсці і памаліцца за паэта і яго бацькоў. Вядома, ёсць і іншыя спосабы ўшанаваць памяць, але мы, як хрысціяне, зрабілі гэта па-свойму», — сказаў святар Павел Каспяровіч.

Данута Бічэль і Алесь Чобат усклалі кветкі і памаліліся на магіле маці паэта Марыі Апанасаўны, а пасля пайшлі да магілы пісьменніцы Элізы Ажэшкі, дзе таксама ўсклалі кветкі.

«Мы прыйшлі ўшанаваць свайго выдатнага паэта, мы прыйшлі да яго мацi Марыі Апанасаўны, яна і наша маці, і ўсёй Беларусі, бо нарадзіла Максіма Багдановіча. У Гродне паэт рос, ён тут хадзіў і пакінуў тут сваю мацi. Варта адзначыць, што сёння не толькi 100 гадоў з дня смерці Максіма Багдановіча, але яшчэ свята Ушэсце Гасподне, я ўспрымаю гэта як вялікі знак ад Бога. Зараз галоўнае, каб у Беларусі не перарываўся ланцужок і нараджаліся новыя паэты, такія як Максім Багдановіч», — сказала пасля паніхіды Данута Бічэль.