У Гродзенскім аблвыканкаме ў сераду 17 мая прайшло пасяджэнне адмысловага савета, які вырашыў лёс скарбу, знойдзенага будаўнікамі на вулiцы Антонава ў 2016 годзе. Скарбу вырашылі надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі, ён папоўніць калекцыю гродзенскага гiсторыка-археалагічнага музея. Цягам двух месяцаў гарвыканкам павінен будзе выплаціць 50% ад ацэначнага кошту скарбу людзям, якія яго знайшлі.

Больш за год таму будаўнікі знайшлі ў падвале старога дома на вуліцы Антонава скарб з залатых манет і пярсцёнкаў. Рабочыя разам з уладальнікам аб’екта перадалі знаходку дзяржаве, але больш за год не маглі даведацца, ці выплацяць ім узнагароду.

Пачаткова пытанне аб знаходцы павінны былі вырашаць у Міністэрстве культуры, але пасля было прынята рашэнне вызначаць лёс на мясцовым узроўні.

Згодна з рашэннем савета скарб застанецца ў музеі, дзе ён зараз i знаходзiцца. Яму нададуць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Рабочым і ўласніку будынка гродзенскі гарвыканкам на працягу двух месяцаў павінен будзе выплаціць 50% ад ацэначнага кошту скарбу. Дакладную суму ніхто пакуль не называе, але яна можа дасягаць 50 мільёнаў недамінаваных рублёў (5 тысяч рублёў).


«Золата мерцвякоў». Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?


Знаходка дала назву бізнес-цэнтру

Уласнік будынка Валянцін Быкоўскі неўзабаве плануе адкрыць свой гандлёва-офісны цэнтр. Ён назваў яго «Скарб», бо менавiта ў падвалах гэтага будынка і знайшлі каштоўнасці. Бізнесмэн хацеў бы адшукаць сваякоў людзей, якія схавалі гэтыя рэчы.

На пярсцёнках напісаны імёны Эфраім і Рывека, а таксама дата іх шлюбу, прыблізна 1920-я гады. Верагодна, у архіве можна знайсці больш падрабязную інфармацыю аб гэтых людзях і дзе яны жылі да вайны, але гэтым пытаннем ніхто пакуль не займаўся. Можна толькі меркаваць, што людзі схавалі свае каштоўнасці падчас вайны, калі знаходзіліся ў гета.