Пасля паразы ў Гродне ад «Віцебска», «Нёман» рэабілітаваўся ў Магілёве ў нядзелю 7 мая, дзе забіў мясцоваму «Дняпру» тры безадказныя мячы. Пераканаўчая гульня ў шостым туры чэмпіянату краіны дазволіла камандзе Ігара Кавалевіча падняцца на шосты радок у турнірнай табліцы.

У Магілёве гродзенская каманда прадэманстравала баявы футбол з момантамі і добрай рэалізацыяй. Урок ад «Віцебска» пайшоў на карысць жоўта-зялёным.

Першы свой мяч гродзенцы забілі на 23-й хвіліне. Пасля добрага пасу Жукоўскага ў штрафную, мяч адскочыў да Лакціёнава, які і вывеў «Нёман» наперад.

Два іншыя мячы жоўта-зялёныя забілі ўжо ў самым канцы матчу. Спачатку Савіцкі на 90-й хвіліне парашутам закінуў мяч у вароты Даўгялы. А праз хвіліну Яроцкі скарыстаўся сваім шанцам у штрафной гасцей і давёў лiк да разгрому.

«Днепр» — «Неман» — 0:3

Пасля пераканаўчай перамогі ў Магілёве галоўны трэнер «Немна» Ігар Кавалевіч падзякаваў сваім гульцям за самааддачу.

«Я задаволены гульнёй, асабліва пасля матчу з „Віцебскам“. Трэба было паглядзець, як будзе выглядаць каманда пасля паразы. Абгулялі моцны арганізаваны „Днепр“. Усё, што я папрасіў гульцоў зрабіць — яны зрабілі. Асабліва ўлічваючы тое, што з-за траўмаў у цэнтры абароны гулялі два 19-гадовыя хлопцы. Удзячны ўсім тым, хто выйшаў на поле».

Пасля шасці тураў гродзенская каманда размясцілася на шостым месцы ў турнірнай табліцы і зараз мае ў сваім актыве 10 ачкоў. На першым жа месцы ідзе БАТЭ з 14 ачкамі.

Наступны матч «Нёман» правядзе ў Гродне 11 траўня і будзе прымаць аўтсайдара чэмпіянату наваполацкі «Нафтан».