Юбілейная 20-я гульня «Я гэтым горадам захаваны» прайшла ў Гродне 4 мая. 34 каманды спаборнічалі за званне мацнейшай. У гэтым годзе гульцам трэба было быць не толькі хуткімі і добра ведаць гісторыю горада, але таксама разбірацца ў творчасці краязнаўцы Віктара Саяпіна.

Удзельнікаў сёлета было менш чым летась — свае каманды прадставілі 30 гарадскіх школ, былi зборныя Палаца творчасці дзяцей і моладзі, «Спектра», а таксама былі госці з вёскі Юравічы Гомельскай вобласцi і СШ № 7 Навагрудка.

Кожны год арганізатары ўносяць змены ў гульню. У гэтым годзе нечаканымі апынуліся два капітанскія конкурсы, звязаныя з кнігамі Віктара Саяпіна і фільмамі, якія здымалі ў Гродне. Дадаліся у гэтым годзе і новыя кропкі: скульптура жабкi-падарожнiцы, унутраны дворык кінатэатра «Чырвоная зорка» і рэстаран «Бакст».

Пераможцамі юбілейнай гульні «Я гэтым горадам захаваны» сталі вучні гімназіі № 1 імя Карскага, другое месца заняла СШ № 13, трэцяе дасталося СШ № 20. Пераможцы атрымалі прызы ад Гроднааблкінавідэапраката і блізкіх Віктара Саяпіна. Таксама ўзнагарода для лепшых каманд — паездка на Аўгустоўскі канал са сплавам на байдарках.