Каля 300 прадпрымальнікаў у пятніцу 5 мая сабраліся ля будынку адміністрацыі гродзенскага рынку «Паўднёвы». На сходзе ўздымаліся пытанні зніжэння арэнднай платы, аплаты стаянак на рынку і іншыя.

Планавалася, што да прадпрымальнікаў выйдуць прадстаўнікі гарвыканкама, а таксама кіраўніцтва рынку. Але гэтага не адбылося. Сход праходзіў выключна паміж самімі прадпрымальнікамі.

«Мы вырашылі падняць пяць асноўных пытанняў. Гэта тыя праблемы, якія зараз вельмі важныя для нашых прадпрымальнікаў і якія сёння вырашаюцца напалову альбо не вырашаюцца наогул, — распавядае старшыня савета прадпрымальнікаў рынку „Паўднёвы“ Андрэй Шэсцеракоў. — Прадпрымальнікі хацелі правесці сход у форме дыялогу, паслухаць, што нам скажуць гарадскія ўлады і прадстаўнікі „Гроднагандальсэрвіса“. Але ніхто не захацеў з намі размаўляць».

Незадаволеныя прадпрымальнікі правялі сход на рынку "Паўднёвы": загадчык размаўляць адмовіўся
Старшыня савета прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» Андрэй Шэсцеракоў выступае перад прадпрымальнiкамi
Да сходу прадпрымальнiкi перадалі ў гарвыканкам калектыўны зварот, пад якім падпісаліся 1028 гандляроў рынку «Паўднёвы».

«Праблемы існуюць і іх трэба вырашаць. І вырашаць у форме дыялогу — трэба дамаўляцца. Трэба шукаць выхады з сітуацыі, крызic закрануў усіх, асабліва мы гэта бачым на нашым рынку, тут пакупкi скарацілася ў разы», — дадаў Шэсцеракоў.

Пяць пытанняў, якія хочуць вырашыць прадпрымальнікі

1. Арэндная плата. Прадпрымальнікі просяць у гарадскіх уладаў і «Гроднагандальсэрвіса» знізіць арэндны кошт на 70%.

2. Бясплатны ўезд на рынак. Прадпрымальнікам і пакупнікам за ўезд на тэрыторыю рынку прыходзіцца плаціць грошы. Прадпрымальнікі прапануюць у такім выпадку ўвесці платны ўезд для чыноўнікаў на тэрыторыю гарвыканкама.

3. Адмена аўкцыёнаў. 98% прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» набывалі сваё гандлёвае абсталяванне за ўласныя грошы. Па новых правілах прадаць яны яго могуць толькі на аўкцыёне.

4. Бронь на гандлёвыя месцы. Прадпрымальнікі прапаноўваюць, каб у выпадку розных жыццёвых сітуацый яны маглі закрыць свой бокс і не ажыццяўляць часова дзейнасць, але ў любы маглі вярнуцца на сваё працоўнае месца.

5. Якарныя арэнда. Прадпрымальнікі хочуць, каб рынак частку даходу на самаразвіццё. Зараз ніхто з прадпрымальнікаў не мае ніякага доступу да інфармацыі, у тым ліку фінансавай, па рынку «Паўднёвы», таму што «Гроднагандальсэрвіс» — Закрытае Акцыянернае Таварыства.

Каля гадзіны абмяркоўвалі свае пытанні прадпрымальнікі і чакалі пакуль кіраўніцтва рынку «Паўднёвага» выйдзе да іх на дыялог. Але ніхто да іх не выйшаў.

Незадаволеныя прадпрымальнікі правялі сход на рынку "Паўднёвы": загадчык размаўляць адмовіўся
Загадчык рэчавага рынку «Паўднёвы» Анатоль Грудзінка адмовіўся выступаць перад прадпрымальнікамі і сышоў у адміністрацыйны будынак
«Усе гэтыя пытанні ўжо даўно абмяркоўваліся, я не ведаю чаму яны зноў уздымаюць гэтую тэму. Асабіста я не буду адказваць на іх пытанні, гэта не ў маёй кампетэнцыі, — кажа загадчык рэчавага рынку „Паўднёвы“ Анатоль Грудзінка. - На нарадзе ў гарвыканкаме прысутнічаў старшыня савету Шэсцеракоў, які быў з усім згодны і выслухаў пазіцыю зніжэння арэнды, а яна, магу сказаць, зніжаецца. Пытанні зніжэння арэнды вырашае аблвыканкам і Мінск, і на гэта сыходзіць шмат часу. I тут не вінаватыя прадстаўнікі „Гроднагандальсэрвіса“. Мы пабудавалі для прадпрымальнікаў цудоўныя склады, стараемся ўсё рабіць. Усе іх пытанні вырашаюцца і мне незразумела, чаму людзі так абураныя. Пытанне з платнай стайнкай таксама вырашаецца».

Магчыма, гэта не апошні такi сход. Прадпрымальнікі адзначаюць, што калі да іх патрабаванняў не прыслухаюцца, яны зноў будуць выходзіць — ужо ў большай колькасці.