Гродзенскі аўтарэтраклуб «Вінтаж» упершыню паказаў гродзенцам створаную яго чальцамі мота- і веларыкшу 30 красавіка на базе адпачынку «Прывал». У клубе будавалі новы транспарт на працягу года.

Спачатку ў «Вінтажы» рыхтавалі толькі мотарыкшу і планавалі яе паказаць гродзенцам на шэсці Дзядоў Марозаў у снежні 2016 года, але зрабіць гэтага не атрымалася. Затое праз пяць месяцаў акрамя мотарыкшы клуб нечакана прадставіў і веларыкшу.

«У нас у клубе ўжо даўно была ідэя стварыць падобны транспарт для гараджан, але не ведалі з чаго пачаць. Шукалі каля года і ўжо планавалі ствараць сваю мотарыкшу, але аказалася, што ў аднаго з членаў нашага клуба ў вёсцы ў бацькоў быў матаролер, — кажа rіраўнік аўтарэтраклуба Сяргей Мукасей. — Да новага года мы не паспелі зрабіць — не хапіла сіл. Аднавілі працу вясной і паралельна з матарыкшай рабілі і веларыкшу, якая таксама будзе катаць людзей. Магчыма, яна спадабаецца кiтайскiм турыстам, бо яна аформлена ў азіяцкім стылі».

Свае рыкшы клуб прэзентаваў на базе адпачынку «Прывал». У будучыні тэхніку, магчыма, прывязуць у цэнтр горада і на Аўгустоўскі канал.

Аўтарэтраклуб "Вінтаж" прадставіў гродзенцам уласныя рыкшы
Сяргей Мукасей на выларыкшы катае наведвальнікаў базы адпачынку «Прывал»
«Куды нас будуць запрашаць, туды і будзем вазіць сваю тэхніку. У планах у нас стварэнне яшчэ адной мотарыкшы, толькi ўжо з вазком. Яе мы ствараем для маладых», — дадаў Сяргей.

Варта адзначыць, што яшчэ 40 гадоў таму матаролеры падобныя да рыкшы развозілі па горадзе хлеб ды марозіва па крамах. Пазней такі транспарт сталі выкарыстоўваць для патрэб ЖКГ. Але з часам «Мураўі» сышлі ў гісторыю. Сёння такіх матаролераў у горадзе не знайсці.