Некалькі сотняў чалавек ў нядзелю 30 красавіка наведала ўшанаванне хакейнага «Нёмана» на базе адпачынку «Прывал», які ў сезоне 2016/2017 гадоў стаў уладальнікам Кубка Салея і Кубка прэзідэнта. На мерапрыемстве прайшло ўзнагароджанне гродзенскай каманды залатымі медалямі, фотасесія з заўзятарамі, ўручэнне самага вялікага вымпела у Беларусі, конкурсы з рознымі падарункамі, а таксама адбыўся канцэрт гурта «Бумбокс».

Адмыслова ў гэты вечар для хакеістаў была зроблена чырвоная дарожка па якой яны прайшлі на галоўную сцэну, дзе ім уручылі залатыя медалі. Пасля ўзнагароджання і слоў падзякі як спонсарам, так і кіраўніцтву вобласці, камандзе Белпошта ўручыла больш за 3 тысячы лістоў, якія даслалі заўзятары ў знак падзякі за чэмпіёнства.

Свой жа падарунак «Нёману» зрабіў і гродзенскі фан-клуб. Фанаты ўручылі камандзе самы вялікі вымпел ў гісторыі беларускага хакея — гульцы і галоўны трэнер падзякавалі фан-клуб за такі падарунак і паабяцалі, што магчыма ў будучым ён будзе вісець у распранальні каманды.

А зрабіў лепш гэты святочны вечар гурт «Бумбокс», які парадаваў гродзенцаў сваімі песнямі.