Праблемы з будаўніцтвам пляцовак для смеццевых кантэйнераў у Гродне працягваюцца. Амаль кожны дзень у рэдакцыю Hrodna.life звяртаюцца жыхары горада з розных раёнаў, якія незадаволеныя абранымі ЖКГ месцамі для новых пляцовак са смеццевымі кантэйнерамі. Праблемы аб’ядноўваюць жыхароў дамоў і яны выходзяць разам змагацца за свае двары, але часта такі пратэст застаецца незаўважаным.

У Гродне ідзе планавая ўстаноўка новых пляцовак для смеццевых кантэйнераў. Тэрыторыю для іх вызначылі загадзя і з жыхарамі раёнаў, дзе iдзе ўстаноўка, ніхто нічога не ўзгадняў, бо гэта рабіць у ЖКГ не палічылі патрэбным — зямля, маўляў, належыць гораду. Іншым разам рабочым прыходзіцца спілоўваць дрэвы, якія некалі высаджвалі жыхары вуліц.

[irp posts="16 561″ name="Смеццевыя войны: камунальнікі выконваюць сваю працу, а эколагі заклікаюць да дыялогу"]

Такія дзеянні камунальных службаў не падабаюцца шматлікім гродзенцам і яны адкрыта выказваюць сваю незадаволенасць. Хтосьці ідзе наўпрост да кіраўніка ЖКГ, а хтосьці не дае рабочым займацца пастаўленай задачай.

Так 27 красавіка па праспекце Янкі Купалы, 37 жыхары выйшлі супраць смеццевай пляцоўкі ў адзіным зялёным месцы, дзе ёсць дзіцячая пляцоўка. Жыхары доўга ўгаворвалі экскаватаршчыка, каб ён спыніў працу. На кароткі час гэта ўдалося зрабіць, але праз суткі праца працягнулася. Жыхары дома паспрабавалі прапанаваць іншае месца, але ім адказалі, што з-за провада, які ідзе пад зямлёй, нічога там будаваць нельга. У выніку ўстаноўка пляцоўкі працягваецца.

Смеццевыя войны: пляцоўкі для кантэйнераў працягваюць усталёўваюць, а абураных гараджан робіцца ўсё больш
Жыхары праспекта Янкі Купалы ўгаварылі экскаватаршчыка часова спыніць працы
У спальным раёне на вуліцы Ліможа падобная сітуацыя, але там, у адрозненні ад Купалы, жыхарам удалося пачаць дыялог з камунальнымі службамі. Зараз вырашаецца пытанне аб пераносе дзіцячай пляцоўкі ў іншае месца.

Многія абураюцца, што пляцоўкі для кантэйнераў робяць каля дзіцячых пляцовак і вокнаў дамоў. Па нормах да іх павінна быць не бліжэй 20 метраў.

У ЖКГ не раз казалі, што гатовыя да дыялогу з незадаволенымі жыхарамі, але толькі да абгрунтаванага.

Раней намеснік генеральнага дырэктара гарадскога ЖКГ Сяргей Сямашка казаў, што пры праектаванні пляцовак у горадзе яны ўлічвалі адлегласць да пад’ездаў, дзіцячых пляцовак, усе санітарныя нормы, наяўнасць каналізацыйных сетак. Пытанні, якія тычацца адносін з жыхарамі, яны стараюцца ўрэгуляваць.

Таксама Сямашка паабяцаў, што калі дзесьцi перашкаджае дрэва і яно жывое, Зелянбуд гатовы выкопваць і перанесці яго ў іншае месца, або спілаваць i пасадзяць пасля новае.

У ЖКГ абяцалі, што выслухаюць усіх, у каго ёсць сур’ёзныя пытанні, але гродзенцы кажуць, што слухаць іх апошнім часам наогул перасталі: рабочыя нягледзячы ні на што проста выконваюць сваю працу.

Пакуль толькі жыхарам дома па вул. Гая ўдалося дамагчыся адмены рашэння па будаўніцтве кантэйнернай пляцоўкі пад вокнамі дома.