З сярэдзіны красавіка штодня па горадзе пачалі курсаваць аўтобусы з бясплатным Wi-Fi. Пакуль часовае супрацоўніцтва з аўтобусным паркам заключылі прыватныя асобы, якія пасля тэставага рэжыму, магчыма, пашыраць сваю акцыю і на ўвесь аўтобусны парк.

Зараз па горадзе ездзяць два аўтобусы з бясплатным Wi-Fi. Маршруты аўтобусаў змяняюцца і сказаць, па якіх канкрэтна яны паедуць заўтра, ніхто не можа.

У аўтобусным парку Hrodna.life распавялі, што зацікаўленыя прыватныя асобы ўзялі два аўтобусы ў арэнду і размясцілі там тэхніку для доступу ў інтэрнэт праз Wi-Fi. Усе адпаведныя дакументы і дазвол на гэта яны атрымалі. Цікавасць прыватных асоб — у рэкламе, якая з’яўляецца пры аўтарызацыіў сетцы.

Калі тэставанне пройдзе паспяхова, то бясплатны Wi-Fi можа з’явіцца і ў іншых аўтобусах. Тэставы рэжым працягнецца да 1 траўня.

У 2015 годзе ў горадзе ўжо курсіравалі гарадскія аўтобусы з бясплатным Wi-Fi, але пазней навінку прыбралі. Прычынай было тое, што Гродзенскі аўтобусны парк і арганізацыя, якая прапаноўвала доступ у інтэрнэт, не атрымалі дазволу ў Рэспубліканскiм ўнітарным прадпрыемстве па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ». Паводле заканадаўства, без рэгістрацыі раздаваць Wi-Fi можа толькі «канцавая (абаненцкая) апаратура Wi-Fi, якая ўсталёўваецца ўнутры будынкаў і збудаванняў і якая не выкарыстоўвае антэны, якія ўстанаўліваюцца па-за будынкамі і збудаваннямі».

Стварэнне кропак для выхаду ў iнтэрнэт у грамадскім транспарце без дазволу незаконна, парушэнне выклікае адміністрацыйную адказнасць.