Гродзенскі фатограф запрашае 15 красавіка панастальгіраваць па днях, «праведзеных у чорных сценах ДК імя Грэка». Выстава пад назвай «ДК імя Грэка: памятныя фота на памяць» змяшчае фота, зробленыя на працягу чатырох гадоў існавання андэграўнднай пляцоўкі. На адкрыцці экспазіцыі выступіць гурт «Прощай Привычка».

— Я з моманту самых апошніх канцэртаў у ДК Грэка хацеў зрабіць гэтую выставу. Потым падумаў, што трэба трохі вычакаць: фатаграфіі як каньяк або віно — з гадамі толькі каштоўней становяцца, — усміхаецца Яўген Кандратовіч. — Мэта — каб сустрэліся людзі, якія наведвалі канцэрты і проста тусілі ў ДК Грэка, каб яны прыйшлі і ўспомнілі ўсё добрыя моманты. Хоць я ўпэўнены, яны і так усё памятаюць. Бар «Карыца» зараз лепш за ўсё падыходзіць для гэтай выставы — ён прасякнуты духам андэграўнду.

Яўген лічыць, што падобнае да ДК Грэка месца з’явіцца зноў - гэта толькі пытанне часу.

— Раней была «Клетка», потым шмат гадоў нічога не было, затым з’явіўся ДК Грэка. Гэта неяк само выйшла — стыхійна. ДК Грэка была рэпетыцыйнай кропкай у старым будынку, што рыхтуецца пад знос. Нават падчас рэпетыцый збіраліся сябры гурта ў дворыку і штосці абмяркоўвалі, камунікавалі. Пасля нейкія канцэрты пачалі рабіць — проста для сябе, для сяброў і ніхто не думаў, што так народ пойдзе і палюбіць гэтае месца. Думаю, нешта будзе па-любому. Нехта проста павінен купіць гараж або ангар наводшыбе і там рабіць новую старонку ў гісторыі гродзенскага андэграўнду. Усяму свой час.

Калі: 15 красавіка, 20.00

Дзе: бар «Карыца», вул. Віленская, 6

За колькі: бясплатна

“ДК імя Грэка: фота на памяць”. У бары “Карыца” адкрыецца выстава Яўгена Кандратовіча

ДК ім. Грэка — культавае для Гродна месца, дзе на энтузіазме музыкаў праводзіліся андэграўндныя канцэрты. Яго стварыў у 2008 годзе гурт «Твой Город». Месца перастала існаваць у 2012 годзе, калі будынак, дзе знаходзілася рэпетыцыйныя кропка, знеслі для будаўніцтва дарожнай развязкі.

[irp]