Стваральнік беларускага брэнда стрыт-адзення LSTR Ілля Аксёнаў запускае калекцыю талстовак з беларускімі гарадамі. У серыю ўвайшоў і Гродна. Ідэю ўвасобіла мастачка Ганна Лобач.

У кожнага абласнога горада Беларусі будзе свой прынт «для ўдумлівых падарожнікаў». Месцы сілы, галоўныя гарадскія персанажы, трохі гісторыі - рэчы, якія выклікаюць цёплыя эмоцыі не толькі ў гараджан.

Сам Ілля Аксёнаў распавёў 34travel.me, што ідэю стварэння адзення з прынтамі пра беларускія гарады яго камандзе падкінуў кліент з Гродна, калі яны выпускалі свiтшоты «Менск».

«Ён спытаў, ці будуць іншыя лакацыі. І мы падумалі, што трэба рабіць. Беларусь — вельмі ўрбанізаваная краіна, тут 76% людзей жывуць у гарадах. LSTR блізкая сучасная гарадская культура, а таму грэх было не запусціць такі праект. Падрыхтоўка была сур’ёзнай: ідэя з’явілася яшчэ перад Новым годам, а зроблена ўсё толькі цяпер.

Асноўная фішка лінейкі ў тым, што прынты стваралі дызайнеры, якія звязаны з гэтымі гарадамі. Шэсць абласных цэнтраў - шэсць мастакоў, якія нарадзіліся, жылі ці працягваюць там жыць. Мы маглі б рабіць дызайн проста на аўтсорс, але гэта быў бы адстой. У такіх працах павінна прысутнічаць гарадская душа — і давяраць працу трэба тым, хто разумее ці адчувае свой Віцебск ці Гродна. Цікава, што за працу прапаноўваліся ганарары, але практычна ўсе дызайнеры ад іх адмовіліся».

Дызайнерам далі поўную свабоду дзеянняў, таму на прынтах з’явіліся не толькі месцы сілы або гістарычныя дзеячы, але і цалкам рэальныя персанажы.

У Гродне за працу ўзялася мастачка Ганна Лобач, якая праславілася аўтарскімі паштоўкамі са славутасцямі горада. На стварэнне прынтаў для LSTR у мастачкі сышло каля тыдня з перапынкамі.

Праца па стварэнні прынта Гродна для талстовак. На гэта ў мастачкі Ганны Лобач сышоў тыдзень з перапынкамі.
Праца па стварэнні прынта Гродна для талстовак. На гэта ў мастачкі Ганны Лобач сышоў тыдзень з перапынкамі.
«Мне вельмі прыемна, што паклікалі менавіта мяне, гэта вялікая адказнасць, я спадзяюся што жыхарам Гродна і гасцям гэты прынт спадабаецца. Паштоўкі пайшлі „на ўра“, попыт на іх добры, думаю і талстоўкі спадабаюцца, — распавядае Ганна Hrodna.life. — Іллю Аксёнаву спадабаўся мой стыль на паштоўках, ён захацеў такі ж прынт. Я перамаляваля ўсе славутасці зноўку, спецыяльна для LSTR. У працэсе дадаліся новыя элементы, напрыклад, стылізаваны алень з герба Гродна. У прынце я намалявала тое, што я люблю ў Гродне, тое, з чым у мяне звязаны прыемныя ўспаміны, плюс гэтыя славутасці павінны былі быць пазнавальнымі».

1

[irp posts="7202″ name=" Шукалі паштоўку для сяброў, але не знайшлі годнай". Каб папулярызаваць Гродна мастачка з Расіі пачала рабіць паштоўкі"]