Канцэрт беларускага гурта «Палац», які павінен быў прайсці ў Гродне 25 сакавіка, адменены з-за нізкай рэалізацыі квіткоў, паведамілі ў адміністрацыі Гродзенскай абласной філармоніі. Маўляў, для гродзенскіх арганізатараў гэты канцэрт быў бы нерэнтабэльны. Але прыхільнікі гурта маюць іншае меркаванне.

Гродзенцы, якія чакалі канцэрту, адзначаюць, што змаглі б сабраць больш за 100 чалавек і прычына адмены звязаная не з рэалізацыяй квіткоў, а з датай канцэрта.

«Ну як гэта 10 квіткоў? Мы думаем, што канцэрт адмянілі ў сувязі з Днём Волі. Таксама трэба памятаць, што зараз адбываецца з філармоніяй — нашы сябры і прыхільнікі гурта проста баяцца загадзя браць квіткі. Думаю, у дзень канцэрта было б шмат людзей, можа і больш за 200», — распавёў Віктар, адзін з прыхільнікаў гурта.


Гурт «Палац» паўстаў у 1992 годзе. Ён стварыў у Беларусі накірунку фолк-мадэрн. Аснова рэпертуара — беларускія фальклорныя песні, а таксама аўтарскія творы.