Заўзятары гродзенскага «Нёмана» працягваюць радаваць любімых хакеістаў. Гэтым разам ураджэнка Дзятлава Наталля прысвяціла «Нёману» душэўны верш. Дзяўчына распавяла Hrodna.life як і калі ён нарадзіўся.

Наталля апошнія гады жыла ў Мінску, там яна ўпершыню і пазнаёмілася з «Нёманам».

«Заўзею за гродзенцаў з лютага 2016 года. Выпадкова трапіла на матч „Нёмана“ з „Юнацтвам“ і ён мяне моцна зачапіў. На хакеі была не ўпершыню, але тады быццам новымі вачыма зірнула на гэты від спорту. З таго самага дня i пачала сачыць за навінамі „Нёмана“.

На жаль, той сезон скончыўся раней, чым хацелася б, таму з нецярпеннем чакала новага. У ім старалася наведваць усе матчы, якія праходзілі ў Мінску з удзелам гродзенцаў, марыла трапіць на гульню на хатнім лёдзе ў Гродне», — распавядае Наталля.

І на першым паўфінальным матчы ў 2017 годзе гэтая мара спраўдзілася. Уражанні, як і чакала Наталля, былі вельмі моцнымі. Астатнія гульні дзяўчына глядзела дома па тэлевізары ці ў інтэрнэце.

Прысвяціць верш любімай камандзе Наталля вырашыла толькі пасля апошняга паўфінальнага матчу, калі гродзенцы абыгралі ў напружаным матчы «Гомель» і патрапілі ў фінал Кубка прэзідэнта.

«Пасля апошняга паўфінальнага матчу „Нёман“ прынёс выдатны настрой. Тады я вырашыла аддзячыць клубу і ўсім заўзятарам за настрой, за ўсе перажытыя пачуцці. У той вечар і нарадзіўся гэты верш. Калі шчыра, не чакала і не думала, што гэта прыцягне столькі ўвагі».

Пісала свой верш Наталля адразу пасля апошняга паўфінальнага матчу. На гэта ў яе сышло каля дзвюх гадзін.

1 ***
Ёсць у краіне маёй невялічкай
Горад цудоўны, на рэчцы стаіць.
Клічуць сябе жыхары «гарадзенцы» —
Як жа прыгожа іх назва гучыць!

Чым жа вядомы так горад іх родны? -
Можа, гісторыяй шматвекавой,
Ці старажытнай аздобай у цэнтры,
Што радуе вока і дорыць спакой?..

Так, зразумела, і гэты спіс доўгі:
Тут замкі, касцёлы і манастыры…
Ёсць мноства славутасцей ў горадзе Гродна,
А я ж ўспамінаю адразу хакей!

Я не жартую і гэта не дзіўна,
Бо для гарадзенцаў хакей не гульня!
Хакей іх жыццё і нават паветра,
А родны клуб Нёман — другая сям’я!

Ці знойдзеш ты недзе такую падтрымку,
Якой ганарацца ўсе. Сапраўды,
Шастым палявым гульцом на пляцоўцы
Кліча фан-сектар трэнер заўжды!

Дзе б не гуляў Нёман, клуб іх любімы,
Нават у самым далёкім кутку:
Едуць заўсёды праз цэлу краіну,
Каб весці наперад ў чужым гарадку!

Нёман не проста каманда ў хакеі,
Не проста адзіны і любы іх клуб…
Для гарадзенцаў значна глыбей ўсё:
Кавалачак сэрцаў іх Нёман завуць!..

І вось за плячамі ўжо паўфіналы,
Змагаліся разам і нас легіён!
Жадаю, каб хутка на кожным канале
Гучала, што Нёман ізноў чэмпіён!

P. S.
Нэрвовы нас час чакае, складаны.
Шмат розных пачуццяў прыйдзецца спазнаць.
Але будзе фінал, без сумненняў, выдатны!
І, ўздымаючы кубак, слёз не зможам стрымаць!


Стала вядома, што «Нёман» у фінале сустрэнецца з мінскім «Юнацтвам». Першыя матчы адбудуцца на «Чыжоўка-арэне» 25−26 сакавіка. Пачатак сустрэч — 19.30.

У рамках рэгулярнага чэмпіянату сапернікі сустракаліся шэсць разоў. Чатыры разы мацнейшымі былі сталічныя хакеісты, двойчы вікторыю святкавалі гродзенцы.

У фінале Кубка краіны «Нёман» у серыі з двух матчаў узяў верх над «Юнацтвам» і заваяваў трафей.

[irp]