Адкрыццё пешаходна-веласіпеднага пункта пропуску «Сафіева-Ліпчаны» абмяркуюць 23−24 сакавіка ў Гродне на пасяджэнні падкамісіі па пытаннях пунктаў пропуску і інфраструктуры беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

«У парадку дня пасяджэння — пытанне аб унясенні змен у дагавор паміж урадамі Беларусі і Польшчы па пытаннях памежных пераходаў. З польскім бокам будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння міжнароднага пешаходнага (з выкарыстаннем ровараў) пункта пропуску «Сафіева-Ліпчаны», — паведаміў Алег Андрэйчык. Паводле яго слоў, падчас гэтага паседжання плануецца дасягнуць канкрэтных дамоўленасцей з польскім бокам, органамі памежнай і мытнай службаў Беларусі і Польшчы аб адкрыцці гэтага пункта пропуску для пешаходаў і веласіпедыстаў.

Так выглядае беларуска-польская мяжа ў Ліпчанах сёння. Фота: torgovyi.com
Так выглядае беларуска-польская мяжа ў Ліпчанах сёння. Фота: torgovyi.com
Наступным этапам плануецца адкрыццё пераходу і для міжнародных пасажырскіх і грузавых аўтамабіляў вагой да 3,5 т. Стварэнне гэтага пункта пропуску на Аўгустоўскім канале дазволіць у два разы скараціць шлях ад Гродна да Аўгустова (да 57 км).

Таксама на выхадзе рашэнне аб адкрыцці для велатурыстаў пункта пропуску «Рудаўка-Лясная» на Аўгустоўскім канале. Па звестках Алега Андрэйчыка, беларускі бок цалкам гатовая да гэтай падзеі, ратыфікаваныя неабходныя дакументы па змяненні статусу пункта пропуску з сезоннага воднага на водна-пешаходны і веласіпедны.

«Чакаем завяршэння міждзяржаўнай працэдуры польскім бокам. Разлічваем, што пункт пропуску зменіць свой статус ужо да пачатку цёплага турыстычнага сезону», — дадаў ён.