Гродзенцы, якія займаюцца айсштокам, вырашылі папулярызаваць гэты від спорт сярод рэшты гараджан. Для гэтага ў суботу, 18 сакавіка, яны арганізавалі на Савецкай плошчы адмысловую пляцоўку.

Айсшток — зімовы від спорту, які паўставаў на замерзлых азёрах Германіі і Аўстрыі. Паступова гэтая гульня рабілася папулярнай і цяпер у яе гуляюць у 52 краінах свету, сярод іх і Беларусь. Беларуская федэрацыя айсштока была створана ў 2009 годзе. Гэты від спорту актыўна развіваецца ў трох гарадах: Гродне, Брэсце і Мінску.

Пачаткова айсшток лічыўся звычайнай зімовай гульнёй, але нядаўна ён атрымаў статус спорту і цяпер займацца ім можна круглы год, нават на асфальтаванай пляцоўцы.

Старшыня гродзенскага клуба Эдуард Краўчанка расказаў, што гродзенская і брэсцкая каманды — лідары ў Беларусі па гульні ў айсшток.

Старшыня гродзенскага клуба па айсштоку Эдуард Краўчанка. Таксама ён працуе настаўнікам фізкультуры ў Гродзенскай гарадской гімназіі.
Старшыня гродзенскага клуба па айсштоку Эдуард Краўчанка. Таксама ён працуе настаўнікам фізкультуры ў Гродзенскай гарадской гімназіі.
«Ужо больш за 9 гадоў у Гродне існуе клуб аматараў айсштоку ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры „Алiмпiя“. Гродзенскі клуб разам з брэсцкім з’яўляюцца пачынальнікамі гэтай гульні ў Беларусі. Менавіта прадстаўнікі гэтых клубаў прывезлі ў нашу краіну гэты від спорту. Варта адзначыць, што нашы гульцы ўдзельнічаюць у міжнародных спаборніцтвах за нацыянальную зборную».

У апошні час айсшток стаў папулярны ў гродзенскай школе № 7, Гродзенскай гарадской гімназіі, а таксама ў гімназіі № 7. Акрамя гэтага, у Гродне ёсць і дарослая каманда, якая прадстаўляе адзін з банкаў горада.

«Гэтым відам спорту могуць займацца людзі любога ўзросту, у нас у клубе ёсць і дзеці, і дарослыя. Для самых маленькіх ёсць дзіцячы шток. Але ў асноўным у нас займаюцца дзеці ад 12 да 15 гадоў, ну і, натуральна, дарослыя. Пры занятках айсштокам людзі знаходзяцца на свежым паветры, займаюцца спортам, пры гэтым без моцных нагрузак. Айсшток гэта сумяшчэнне актыўнага адпачынка з трэніроўкай. Айсшток развівае мысленне, дакладнасць і каардынацыю», — дадаў Эдуард Краўчанка.
Мэта гульні - кінуць айсшток так, каб ён, у залежнасці ад разнавіднасці гульні, альбо спыніўся як мага бліжэй да мішэні, альбо праляцеў як мага далей.
Мэта гульні - кінуць айсшток так, каб ён, у залежнасці ад разнавіднасці гульні, альбо спыніўся як мага бліжэй да мішэні, альбо праляцеў як мага далей.

У Гродне будзе свая пляцоўка для гульнi ў айсшток

Калі ў Брэсце для трэнiровак пабудавана спецыялізаваная пляцоўка, то ў Гродне гульцы пакуль займаюцца ў адкрытых хакейных каробках, але ў будучыні плануюць зрабіць сваю пляцоўку. Яна з’явіцца на вуліцы Болдзіна, каля гарадской лазні.

Знайсці прадстаўнікоў айстштоку ў Гродне можна праз адміністрацыю Ленінскага раёна — там ёсць усе дадзеныя аб гродзенскім клубе. Гэты від спорту бясплатны — людзі гуляюць і займаюцца для свайго задавальнення.