Камунальныя службы планавалі пабудаваць новую пляцоўку для смеццевых кантэйнераў каля дома № 3 па вуліцы Гая за два дні. Рабочыя пачалі 17 сакавіка, але на наступны дзень не змаглі скончыць працы: ім перашкодзілі мясцовыя жыхары, якія кажуць, што пры планаванні пляцоўкі іх меркаванне ніхто не ўлічваў.

Дрэвы ўжо не выжывуць

Актыўныя жыхары дома сабралі подпісы з 40 кватэр: амаль усе выступілі супраць новай пляцоўкі для кантэйнераў, для стварэння якой трэба спілаваць два старых клёна.

«У дзевяціпавярховым доме заварваюць смеццеправоды і робяць адмысловае месца, куды можна будзе выносіць смецце. Але робяць не каля таго дома, дзе заварылі, а каля нашага, амаль ля самага пад’езда, — кажа жыхар дома Сергей.- Навошта нам гэта? У нас ужо ёсць сваё месца для збору смецця і нам больш такіх пляцовак не трэба. Тым больш, нас пазбаўляюць дрэў і парковачных месцаў».

У суботу, 18 сакавіка, дзясятак жыхароў дома выйшаў і дамогся, каб работы прыпынілі. Пакуль — да панядзелка. Прыехалі на Гая і прадстаўнікі «Зялёнага дазору», якія таксама не далі рабочым скончыць працу.

Пакуль майстар вырашае справы з жыхарамі дома, рабочыя паляць і назіраюць за сітуацыяй
Пакуль майстар вырашае справы з жыхарамі дома, рабочыя паляць і назіраюць за сітуацыяй
У мясцовым ЖЭСе адзначылі, што на пабудову стаянкі з кантэйнерамi для цвёрдых бытавых адходаў ёсць дазвол. Аднак на месцы майстар адмовіўся паказваць дагаворы і дакументы на працы.

«Дрэвы ўжо пацярпелі, працоўныя ім прасеклі карані - яны ўжо не выжывуць. Калі службы не зразумеюць па-добраму, усе жыхары паднімуцца і выйдуць з плакатамі. Няхай яны адказваюць за дрэвы, а таксама за выкананне санітарных нормаў. Самае цікавае, што сметніцы для нас каля дома ўжо стаяць — іх пашырылі, акультурвалі, і тады ніхто нічога службам не казаў, але зараз мы з гэтым мірыцца не будзем», — дадаў Сяргей.

Смеццевыя кантэйнеры каля дома №3
Смеццевыя кантэйнеры каля дома № 3

Заварылi смеццеправод — смецце ў пад’ездзе

Віктар жыве ў суседнім доме. У іх ужо заварылі смеццеправод і многiя жыхары незадаволеныя, што цяпер вымушаныя выносіць смецце на вуліцу.

«У нас у пашпарце на кватэры ёсць такі прывілей — смеццеправод, мы рэгулярна за яго плацілі. Ён у нас заўсёды быў чысты. Але ЖЭС заварыў без нашай згоды. Нам пасля паведамiлi, што ўсё было законна. Нашы людзі супраціўляюцца, асабліва старыя, якія не могуць самастойна дабірацца да кантэйнераў на вуліцы. Зараз у нашых пад’ездах смурод».

Што рабіць калі пілуюць дрэвы?

Па дадзеных дрэвах на Гая трэба складаць пратакол, бо знос дрэў не планаваўся па праекце, кажуць гродзенскія прадстаўнікі «Зялёнага дазора».

Яны прапануюць універсальны алгарытм дзеянняў:

1. Калі вы ўбачылі ў двары буйнагабарытную тэхніку — смела падыходзьце і пытайцеся дакументы на планаваныя працы.

2. Ваша задача — не дапусціць супрацьпраўных дзеянняў, для гэтага тэлефануйце на гарачую лінію Камітэта прыродааховы ў Гродне 74−35−88. Паведамце адрас, дзе адбываюцца падзеі, і папрасіце аператыўна прыехаць на месца.

3. Збярыце сведак, дзеянні здымайце на фота і відэа.

Калі вы не ведаеце якія дзеянні прадпрымаць у іншых выпадках, тэлефануйце на «Зялёны тэлефон» (+375 (29) 170−26−70) — вам раскажуць алгарытм дзеянняў. Або загрузіце даведнік з dozor.greenbelarus.info.