Бойка на танцах «Каму за 30» адбылася ў ноч з 4 на 5 сакавіка. 47-гадоваму мужчыну нанеслі моцны ўдар кулаком у галаву. Ён упаў на бетон і ад удару памёр. Міліцыя для высвятлення поўнай карціны здарэння шукае сведак.

Па камерах відэаназірання відаць, што ў памяшканні на вуліцы Паповіча, каля гандлёвага каледжа, у момант інцыдэнту паблізу знаходзіліся дзве дзяўчыны ў чорных спадніцах — менавiта яны могуць мець каштоўную інфармацыю.

Мужчына, які нанёс фатальны ўдар, затрыманы, у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле «Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці».

Гэта ўжо другі выпадак смерці на дыскатэцы ў Гродне ў гэтым годзе. У лютым адзін малады чалавек таксама не вярнуўся з начных танцаў.