Абласныя спаборніцтвы рэспубліканскай лігі па чырлiдзiнгу прайшлі 3 сакавіка ў Ліцэі № 1 у Гродне. Чырлідзінг цяпер мае ў Беларусі афіцыйны статус спорту — у такім статусе мерапрыемства прайшло ўпершыню. Для некаторых гэтыя спаборніцтвы сталі дэбютнымі.

Згодна з загадам Міністэрства спорту ад 24 студзеня 2017 года, чырлiдзiнг прызнаны відам спорту. Ён спалучае ў сабе элементы шоў: танцы, гімнастыку i акрабатыку.

«Пераможцы ва ўсіх намінацыях і розных узроставых катэгорыях змогуць прадставіць Гродзенскую вобласць на фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах у Мінску 2 красавіка. Для Гродна гэта мерапрыемства вельмі важнае, бо тут колькасць і ўзровень каманд расце апошнія дзевяць гадоў. Самае галоўнае, што адміністрацыя горада і ўстановы адукацыі вельмі прыхільныя да чырлiдзiнгу і стараюцца максімальна падтрымліваць», — адзначыла галоўны суддзя спаборніцтваў Вольга Скорбеж.

У спаборніцтвах узялі ўдзел 14 каманд з усёй вобласці. На фінал у Мiнск адправяцца каманды з Гродна, Лiды i Шчучына.