У Гродне ў 2018 годзе плануюць пачаць будаўніцтва новага жылога мікрараёна, паведаміў журналістам старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой падчас адкрыцця будаўнічага гіпермаркета ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Будаўніцтва новага мікрараёна пачнецца ў абласным цэнтры літаральна праз год, паведаміў мэр. Ён з’явіцца на месцы былой вёскі Панямунь, уключанай у тэрыторыю Гродна, на выездзе з горада ў мінскім напрамку. «Раней у гэтым месцы знаходзіліся пэўныя камунікацыі сувязістаў, але плануецца, што ў перспектыве тут вырасце раён шматпавярховай забудовы з добрай інфраструктурай. Жылы мікрараён зойме плошчу каля 10,5 га», — растлумачыў Мечыслаў Гой.

Ён падкрэсліў, што толькі за апошнія 5 гадоў Гродна прырос прыкладна на 30 тыс. жыхароў. У апошнія гады ў плане ўзвядзення шматпавярховага жылля абласны цэнтр актыўна развіваўся ў паўднёвым кірунку. Жыллёвае будаўніцтва найбольш хуткімі тэмпамі вялося ў новым жылым раёне Альшанка, забудоўваліся невялікія ўчасткі ў межах Гродна. Актыўна развіваліся мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы. У дадзены момант завяршылася грамадскае абмеркаванне праекта забудовы і добраўпарадкавання тэрыторыі мікрараёна Вясновы ў раёне вул. Каліноўскага — Вясновай плошчай каля 30 га. Тут таксама плануецца будаўніцтва жылога мікрараёна квартальнай схемы забудовы, якая па сваёй структуры будзе блізкая да старога горада.