Вядомы беластоцкі эка-актывіст Рафал Косна намагаўся спыніць будаўніцтва новага аўтавакзала. У пачатку студзеня 2017 года ён выслаў у магістрат ліст з пратэстам — так распачалася перапіска, якая магла заняць нават некалькі месяцаў, што сарвала б планы будаўніцтва. Аднак чыноўнікі вырашылі, што Косна не з’яўляецца зацікаўленым бокам у справе будаўніцтва і адмовіліся разглядаць яго зварот, піша poranny.pl.

Рафал Косна вядомы ў горадзе тым, што намагаецца блакіраваць вельмі многія будаўнічыя інвестыцыі.

Будаўніцтву новага аўтавакзала ў Беластоку пакуль што вельмі не шанцуе. Яшчэ ў кастрычніку 2016 года стары вакзал меў быць разбураны, а новы меў з’явіцца да чэрвеня 2017. Аднак дэмантаж старога будынка не пачаўся дагэтуль, хаця ўжо заканчваецца люты 2017. Паспець з будаўніцтвам па ранейшых тэрмінах ужо немагчыма.

Доўгі час дазволу на руйнаванне старога вакзала не давалі гарадскія ўлады, бо перавозчык — фірма PKS Nova — не прадставіла ўсіх патрэбных дакументаў. Тым часам стары вакзал ужо паспелі закрыць, а побач з ім паставілі часовы — з кантэйнераў.

Усярэдзіне часовага вакзала
Усярэдзіне часовага вакзала
Новы вакзал у Беластоку збудуе фірма Budner. Наўзамен яна атрымае для ўласных мэтаў старую пляцоўку аўтобуснага дэпо недалёка ад цэнтра горада. Акрамя вакзала Budner пабудуе побач яшчэ гандлёвы цэнтр.