У пятніцу, 17 лютага, у рамках адзінага дня інфармавання Гродна наведаў міністр адукацыі Ігар Карпенка. У каледжы тэхнікі, тэхналогіі і дызайну ён выступіў перад работнікамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, кіраўнікамі ўстаноў і педагогамі, дзе закрануў тэму адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.

На сустрэчы Ігар Карпенка заявіў, што сістэма адукацыі ў Беларусі павінна быць выразна ўбудаваная ў эканамічную инфаструктуру краіны і кадры павінны рыхтавацца з сур’ёзным аналізам і і прагназаваннем патрэбнасці на перспектыву.

«Сёння задача сістэмы адукацыі, асабліва агульнай і сярэдняй адукацыі, гэта не толькі падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання і паступлення ў ВНУ, а ў першую чаргу гэта стварэнне ўмоў для таго, каб любы школьнік быў падрыхтаваны да выхаду ў самастойнае жыццё. Каб ён змог вызначыцца ў жыцці, рэалізавацца ў галоўных якасцях, такіх як грамадзянін, сем’янін і толькі на трэцяе месца я стаўлю прафесіянальную рэалізацыю. Гэта вельмі важныя рэчы, бо сёння маладое пакаленне ўжо зусім іншае, чым было 20 гадоў таму. Сёння вельмі важна, як мы забяспечым чалавеку дзяцінства і як да паўналецця ён выйдзе ў самастойнае жыццё, і як будзе далей ісці і развівацца», — сказаў міністр.

Нагадаем, Ігар Карпенка 15 снежня 2016 года змяніў на пасадзе папярэдняга міністра адукацыі, матэматыка, прафесара БДУ Міхаіла Жураўкова. Новы міністр да прызначэння быў галоўным ідэолагам Мінгарвыканкама і кіраўніком Кампартыі Беларусі.