Пасля выхаду матэрыяла аб сумным становішчы Музея гарадскога побыту справы ў яго гаспадара Януша Паруліса крыху палепшалі. Людзі ахвяравалі грошы «на першы час» і пачалі прыходзіць турысты. Нядаўна завітала невялікая група студэнтаў з краін Азіі і Афрыкі.

«Да мяне раней прыходзілі турысты з краін Еўропы і былога СССР, — распавядае Януш Паруліс. — Але так здалёк — упершыню. Не кожны гродзенец быў у мяне, а тут аж з Ганы, Мальдыў і Шры-Ланкі завіталі».

Дзве беларускі і тры замежніка прыйшлі ў музей пасля таго, як прачыталі артыкул пра яго праблемы.

«Ведаю, што гэта месца неўзабаве будзе перабудоўвацца, — кажа гродзенка Дар’я. — Хацелася паспець убачыць усё як ёсць зараз»

[irp posts="10 283″ name="Гродна для турыстаў: не-галоўныя музеі горада, якія варта наведаць"]

«Гэта самы незвычайны музей, які я бачыла ў жыцці, — распавядае Дрына, студэнтка з Ганы. — Не думаю, што дзесьці ў свеце ёсць нешта пабоднае. Тут столькі рэчаў у такім маленькім памяшканні, што можна прыходзіць хоць сто разоў і кожны раз бачыць нешта новае».

«Мяне ўразіў не толькі і не столькі музей, хаця там ёсць што пабачыць, як сам пан Януш, — узгадвае шры-лынкіец Дэні. — Ён так натхнёна распавядаў аб усіх рэчах, што тут, хочаш не хочаш, але гісторыя пачынае табе падабацца. Больш за ўсё запомнілася старая скрыпка. Але расказваць сваім унукам я буду, хучэй, пра гаспадара, чым пра экспанаты».

«Я не вельмі добра ведаю гісторыю еўрапейскіх краін, у тым ліку Беларусі, таму мне шмат чаго было незразумела, — тлумачыць студэнт з Мальдзіў Сэмуэл. — Але мне вельмі спадабалася — тут ўсё так незвычайна, шмат незразумелых старых рэчаў, а самае цікавае, што гаспадар дазваляе ўсё падрабязна разглядаць і нават патрымаць у руках».

[irp posts="10 916″ name="Малюем з Hrodna.life у падтрымку музея Януша Паруліса"]