У сераду 8 лютага ў Мінску прайшло лёсаванне чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай Лізе. Па яго выніках гродзенскі «Нёман» першы тур правядзе дома, дзе будзе прымаць мазырскую «Славія».

У другім туры каманда Ігара Кавалевіча сустрэнецца з «Іслаччу» ў Мінску, а ў наступным туры будзе прымаць дома «Слуцк».

Старт чэмпіянату ў Вышэйшай лізе для гродзенцаў намечаны на 1 красавіка. З поўным календаром матчаў з удзелам «Нёмана» ў новым сезоне можна азнаёміцца тут.

Як і ў мінулым годзе, лёсаванне на старце сезона падкідвае гродзенцам сераднякоў чэмпіянату, з якімі можна змагацца на роўных і ў кожным матчы браць па 3 ачкі.

Але варта адзначыць, што ў 2016 годзе чаканні гродзенскіх заўзятараў не спраўдзіліся. Старт удалага календара быў цалкам правалены, а вынікам няўдалых гульняў стала адстаўка галоўнага трэнера Сяргея Саладоўнікава.

Зараз жа ля стырна жоўта-зялёных Ігар Кавалевіч, які ўзначаліў «Нёман» у канцы першага круга мінулага сезону. Па праведзеных гульнях каманду Кавалевіча называлі сур’ёзным супернікам, які змагаўся за кожнае ачко.

Пастаўленую летась задачу — захаваць прапіску ў Вышэйшай лізе, гродзенцы выканалі. Яшчэ ў канцы сезона Кавалевіч у некаторых гульнях казаў, што «Нёману» не хапае добрых гульцоў. Цяпер сітуацыя іншая, пакуль iдзе міжсезонне, у спецыяліста ёсць час каб сабраць магутную каманду і годна выступіць у новым сезоне, тым больш старт календара гэтаму чарговы раз спрыяе.

Як паведамляе ФК «Славія», Ігар Кавалевіч да першага свайго супернiка паставіўся спакойна.

«Славія» — добрая каманда. У мінулым сезоне згулялі ўнічыю. Камандам удалося атрымаць хатнія перамогі. Вялікія змены ў складах адбываюцца ў міжсезонне і ў нас, і ў мазыран. Гуляць першую сустрэчу чэмпіянату дома — гэта дадатковыя эмоцыі. Паўтаруся, у камандзе ў нас будзе шмат пачаткоўцаў. Пачынаць дома? Ёсць плюсы, ёсць і мінусы. Але больш, усё ж такі плюсаў".

Зараз гродзенцы знаходзяцца на першым зборы, у якім прымаюць удзел у турніры «Белазавец-2017». У чацвер 9 лютага «Нёман» сустрэнецца з гаспадарамі турніру — жодзінскім «Тарпеда».