У пачатку лютага гродзенская каманда па страйкболу «Mad Elks» («Шалёныя алені») вярнулася дадому з прэстыжных расійскіх спаборніцтваў Airsoft Winter Challenge 2017, дзе заняла другое месца. Як гродзенцам удалося паспяхова выступіць у Расii і пра страйкбол агулам распавёў Hrodna.life прадстаўнік каманды Сяргей.

Страйкбольныя спаборніцтвы праходзiлi 4 лютага ў Санкт-Пецярбургу. У іх удзельнічалі штурмавыя групы, у тым ліку прадстаўнікі сілавых структур.

«Наогул, мэта нашай каманды — перамога ў спаборніцтвах АТАС [найбуйнейшыя на тэрыторыі СНД], але, даведаўшыся пра аналагічны турніры ў Санкт-Пецярбургу, мы вырашылі зявiць пра сябе і там. Удзел у спаборніцтвах такога ўзроўню заўсёды выклікае хваляванне, а ўлічваючы, што сярод удзельнікаў было некалькі каманд, якiя прадстаўлялi сілавыя структуры, мы лічым наш выступ вельмі паспяховым і задаволеныя вынікам», — распавядае прадстаўнік гродзенскай каманды Сяргей.

3
У гэтым годзе камандзе «Mad Elks» спаўняецца 10 гадоў. Гэта першая страйкбольная каманда Гродна.

«Менавiта спартыўным страйкболам мы пачалі займацца ў 2015 годзе, за гэты невялікі прамежак часу нашай камандзе атрымалася перамагчы ў кваліфікацыі АТАС 2016, заняць другое месца ў міжнародных спаборніцтвах страйкбольных штурмавых груп АТАС, якія праходзілі ў Мінску, а таксама паспяхова выступіць на AWC 2017 у Санкт-Пецярбургу».

Сяргей адзначае, што спаборніцкі страйкбол ў Беларусі не надта распаўсюджаны і, як след, каманд, здольных прыняць удзел у міжнародных спаборніцтвах, у краіне вельмі няшмат.

«Калі параўноўваць з нашымі суседзямі, то там у спаборніцтвах разам са звычайнымі камандамі прымаюць удзел зборныя сілавых структур. А гэта значна павышае ўваходную планку і агульны ўзровень падрыхтоўкі ўсіх гульцоў».

Гуляць у стайкбол можа кожны

Прафесійна займацца страйкболам — дарагое задавальненне, але многія гульцы паступова закупляюцца рыштункам. Таксама існуюць пракаты, дзе можна арандаваць форму ізброю на гульнi.

«Цяжка ацаніць кошт гульні ў страйкбол. Гуляючы не занадта часта, чалавек можа браць рыштунак на пракат і абмяжоўвацца выдаткамі ў 10−20 рублёў за адну гульню.

Можна выдаткаваць суму ў межах 300 рублёў. Гэтага хопiць на пакупку стартавага камплекта рыштунку — прывад [зброя] і абарона твара. Верхняй планкі не існуе — можна купляць рыштунак, якi выкарыстоўваецца ў рэальных сілавых структурах, затрачваючы пры гэтым тысячы долараў. У Гродне няма крамаў, якія гандлююць страйкбольнымi прывадамі, бліжэйшае месца — Мiнск".

Узрост гульцоў 25−40 гадоў

Збіраюцца гродзенскія аматары страйкбола кожную нядзелю, незалежна ад пары года. У сярэднім на гульні прыходзіць 20−40 чалавек. У горадзе лік гульцоў ідзе на сотні.

«Мы стараемся папулярызаваць страйкбол і рэгулярна прадстаўляем 1−2 камплекты для пачаткоўцаў бясплатна. Ёсць людзі, якія займаюцца камерцыйным пракатам, але мы да іх не маем адносін. Гуляюць у страйкбол зусім розныя людзі розных прафесій. Іх узрост ад 25−40 гадоў. Каб быць у курсе гульняў па страйкболе ў Гродне, прапануем сачыць за навінамі ў нашай групе, дзе ёсць падрабязныя анонсы ўсіх мерапрыемстваў».

Даведка

Страйкбол — (ад англ. Strike — удар, ball — шар) або эйрсофт (англ. Airsoft) — некамерцыйная, камандная, ваенна-спартыўная гульня з выкарыстаннем «мяккай пнеўматыкі», якая называецца ў страйкбалістаў «прывад».

У гульні ўдзельнічаюць дзве альбо больш каманд. У розных краінах і на розных гульнях ужываюцца розныя правілы, але гэтыя правілы ніколі не могуць супярэчыць асноўным правілам страйкбола.

У адрозненні ад пейнтбола, страйкбольныя гульні часцей за ўсё праводзяцца на спецыяльна падрыхтаваных арэнах. У месцах, дзе могуць быць адкрытыя люкі, ямы, закінутыя будынкі, калючы дрот трэба заўсёды быць вельмі ўважлівым.

Арганізатары страйкбольных мерапрыемстваў праводзяць жорсткі інструктаж па тэхніцы бяспекі з удзельнікамі гульні, а таксама правяраюць ахову вачэй для пазбягання няшчасных выпадкаў.