Каля 40 чорна-белых здымкаў, знятых Наталляй Дораш у Гродне ў 70−80-ыя гады ХХ стагоддзя, можна пабачыць на рэтраспектыўнай выставе «Асяроддзе пражывання», якая адкрылася 2 лютага ў гродзенскім фотаклубе.

На адкрыцці выставы фотамастачка прэзентавала альбом «Гродзенскія фотагісторыі», некаторыя здымкі з якога ўвайшлі ў экспазіцыю.

наталля дораш дорош 004

«Чаму асяроддзе? Таму што гэта маё асяроддзе, гэта людзі, якія былі са мною побач, людзі, з якімі я размаўляла, працавала, жыла, — патлумачыла назву выставы Наталля Дораш. — Гэта мой асабісты погляд на любімы горад, тое, як я яго адчуваю і як ён адчувае мяне».

наталля дораш дорош 009

Здымкі, змешчаныя ў альбоме і прадстаўленыя на выставе, фотамастачка адсканавала з плёнак, якія некалькі дзесяцігоддзяў праляжалі на антрэсолях у вясковай хаце. «Я забыла пра іх існаванне, — распавяла Наталля. - Я забыла, што здымала прадаўшчыц, прагулкі па горадзе, вуліцы. Прайшло больш за сорак год, горад амаль поўнасцю змяніўся, але плёнкі захаваліся. Вось з іх і сабралася гэтае «асяроддзе пражывання».

Наталля Дораш прызналася, што мае падрыхтаваны матэрыял яшчэ на дзве выставы.

Убачыць фотавыставу можна па адрасе: вул. Кірава, 35, дамафон 9К.