Першы этап рэстаўрацыі старога лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага кляштара завяршыўся ў канцы 2016 года. Спецыялістам удалося правесці вялікі аб’ём працы па захаванні ўнікальнага драўлянага будынка. Старт другога этапа запланаваны на канец вясны.

Рэстаўрацыя лямуса пачалася ў кастрычніку 2016 года. Курыруе ўсе працы Міністэрства культуры і спадчыны Польшчы.

«Зрабілі кансервацыю на зіму, далейшыя работы праводзіць ужо нельга. Адрамантавалі падмуркі, ачысцілі ўсё ад постсавецкіх налётаў, закансервавалі дах.

Далей пойдуць драўляныя працы — змена зруба і г. д. Праблем з рэстаўрацыяй няма, прыязджалі спецыялісты з Міністэрства культуры Польшчы, праводзілі абследаванне і аказалася стан крыху лепш, чым мы чакалі", — распавёў Hrodna.life ксёндз Аляксандр Сасноўскі, які адказвае за рэстаўрацыю лямуса.

Другі этап, які прадугледжвае асноўныя драўляныя працы, намечаны на канец вясны.

За першы этап рэстаўрацыі ніякіх старых і каштоўных для гісторыі знаходак не было.

Даведка

Гродзенскі лямус — двухпавярховы дом з лоджыяй на другім паверсе і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны ў традыцыях беларускага народнага дойлідства, выкладзены з масіўных брусаў, без выкарыстання клямараў і металічных крапяжоў. Верагодна, пабудаваны ў другой палове XVIII ст., хаця і сёння дзе-нідзе ў літаратуры датуецца 1630 годам.