Адзін з бронзавых лебедзяў, які з’яўляецца часткай скульптурнай кампазіцыі Уладзіміра Панцялеева «Птушкі на вадзе», што ўсталявана ў зліцці ручая Юрыздыка і Гараднічанкі блізу вуліцы Віленскай, перакуліўся. За апошні год гэта ўжо не першы выпадак, калі частка кампазіцыі сыходзіць пад ваду.

Уладзімір Панцялееў аб праблеме ўжо ведае і абдумвае працэс аднаўлення кампазіцыі, толькі ўжо на новым месцы.

«Пастаянны зліў бруду і смецця, вядома, сыграў сваю ролю. Варта прызнаць памылкай, што мы кампазiцыю ўсталявалі менавіта ў тым месцы. Амаль год таму была падобная сітуацыя з гэтым лебедзем, але рабочыя яго неяк замацавалі. Праз некаторы час ён зноў перакуліўся.

Зараз я ўжо не бачу сэнсу яго назад замацоўваць. Мне здаецца, трэба дэмантаваць цалкам кампазіцыю і перанесці яе ў іншае месца. Добрае месца будзе ў Швейцарскай даліне, побач з мосцiкам закаханых. Толькі ўжо прыйдзецца ўсталёўваць скульптуры не ў вадзе, а на валунах", — распавёў скульптар.

Кампазіцыя «Птушкі на вадзе» бронзавая і каштуе немалых грошай, яе вага складае больш за 600 кг. Яна была ўсталяваная ў 2008 годзе на спецыяльна вырабленым пантоне.

8