Матч паміж «Нёманам» і «Юнацтвам», які праходзіў у суботу, 21 студзеня, скончыўся ўпэўненай перамогай гродзенцаў. Каманда Сяргея Пушкова закінула мінчанам тры безадказных шайбы.

Свой першы гол «Нёман» закінуў у большасці на 7-й хвіліне. Вызначыўся Дарафееў, які амаль ад сіняй лініі трапіў дакладна ў вароты. Яшчэ да перапынку гродзенцы падвоілі перавагу. Жыдкіх пасля паса Багданоўскага закінуў шайбу пад перакладзіну.

У другой дваццаціхвілінцы гаспадары спрабавалі адыграцца і кінулі ўсе сілы, каб скараціць разрыў у ліку, але ім гэта не ўдалося. Нават пяціхвілінная большасць не дапамагла «Юнацтву». Пакуль гаспадары шукалі сваю гульню, «Нёман» закінуў трэцюю шайбу. Дакладным кідком адзначыўся Гарбачэнка.

У трэцім перыядзе чырвона-чорныя ўжо гулялі ў абарончы хакей і не давалі шанцаў «Юнацтву» адыграцца. Добра ў канцы гульнi дзейнічаў вратар «Нёмана» Трус, які не дазволiў суперніку прабіць свае вароты.

«Юнацтва» — «Нёман» 0:3 (0:2,0:1,0:0)

галы:

07.30 0:1 — Дарафееў (Кіслы, Лакканен, — бол.)
14.22 0:2 — Жыдкіх (Багданоўскі, Гарбачэнка)
36.43 0:3 — Гарбачэнка (Маркоўскі, Жыдкіх)

Галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў пахваліў гульцоў сваёй каманды за сур’ёзнае стаўленне да гульні з «Юнацтвам».

«Гульня атрымалася такой, як і іншыя на працягу сезону з „Юнацтвам“: каманды паказваюць дыхтоўны хакей, атакуючы, з вялікай колькасцю момантаў у нападзе. Матч мне спадабаўся. Мы даволі добра правялі гульню ў атацы. І ў тых момантах, калі складаныя сітуацыі стварала „Юнацтва“, дысцыплінавана гулялі ў абароне. Лічу, ключавым адрэзкам стаў той, калі мы атрымалі пяціхвіліннае выдаленне. Але здорава дзейнічалі ў меншасці. І давялі матч да перамогі. Хлопцы вельмі сур’ёзна паставіліся да гульні. Віншую іх з перамогай».

Пасля перамогі ў Мінску «Нёман» скараціў адставанне ад «Юнацтва» ў турнірнай табліцы да 7 ачкоў.

Наступны матч каманда Сяргея Пушкова правядзе ў суботу 26 студзеня ў Жлобіне, дзе сустрэнецца з мясцовым «Металургам».