Дзяржаўны тэатр песні і танца кітайскай правінцыі Ганьсу дасць канцэрт у Драмтэатры 21 студзеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскім аблвыканкаме. Уваход вольны.

Таксама ў гэты дзень у авальнай зале Новага замка адкрыецца выстава беларускай мастачкі Марыны Ільяшэвіч, якая працуе ў тэхніцы кітайскага жывапісу.

«Гродна быў названы сімвалічнай беларускай культурнай брамай Шаўковага шляху. Ініцыятыва надання гораду такога статусу была выказана міністрам культуры Барысам Святловым падчас міжнароднага форуму ЭКСПА „Шаўковы шлях“, які ў верасні праходзіў у кітайскай правінцыі. Аблвыканкам падтрымаў ідэю. Гэтыя мерапрыемствы стануць першымі крокамі ў яе рэалізацыі», — распавёў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.

У мерапрыемствах чакаецца ўдзел кітайскіх дыпламатаў, запланавана сустрэча ў аблвыканкаме.

Узаемадзеянне Гродзенскай вобласці і правінцыі Ганьсу вядзецца ў мэтах развіцця падпісаных паміж рэгіёнамі ў 2014 годзе пагадненняў і праграмы супрацоўніцтва на 2014−2020 гады па розных сферах. У 2015 годзе таксама падпісаны дагавор аб пабрацімскіх сувязях паміж Гродна і горадам Луннань гэтай кітайскай правінцыі.