Больш за тры тысячы тон хламу вывезлі да надыходу зімы з былых нелегальных агародаў на Фолюшы. Іх знос пачалі 12 лістапада 2016 года. Калі ж надыйшлі моцныя халады і выпаў снег, працы спынілі да вясны, піша grodnonews.by.

З’явіліся чуткі, што на гэтым справа скончыцца.

— Работы працягнуцца з наступнага тыдня. Плануем да сярэдзіны мая вывезці ўсё смецце, затым правядзем некалькі суботнікаў па навядзенні тут парадку, падрыхтуем тэрыторыю для пасеву травы, — пракаментаваў гэтыя чуткі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Сяргей Сарока.

Пазіцыя гарвыканкама: на месцы вызваленых зямель стварыць гарадскую зону адпачынку. Упраўленню архітэктуры і горадабудаўніцтва прапанавана распрацаваць праект новага месца адпачынку гараджан.

У землеўпарадкавальнай службе Гродзенскага райвыканкама паведамілі, што многія жыхары Фолюша ўжо прыходзілі да іх каб пазнаёміцца з умовамі набыцця загарадных дач замест ліквідаваных.