Уначы 18 студзеня мітрафорны протаіерэй Аляксандр Наздрын правёў у вёсцы Парэчча Гродзенскага раёна традыцыйны чын вялікага асвячэння вады ў цэху разліву мінеральнай вады. Пасля асвячэння бутэлькі развезлі па храмах Гродна, каб людзі ранiцай змаглi яе набыць.

Як і ў папярэднія гады, ваду з асвечанай артэзіянскай свідравіны глыбінёй 256 метраў разлівалi ў паўтаралітровыя ПЭТ-бутэлькі без дадання газу. У гэтым годзе праваслаўныя храмы горада заказалі каля 15 тысяч бутэлек.

Са слоў начальніка цэха разліву мінеральнай вады ААТ «Молочный мир» Аляксандра Курмана, у гэтым годзе партыя павялiчылася амаль на тысячу бутэлек.

Традыцыя асвячэння мінеральнай вады ў вёсцы Парэчча існуе ўжо каля 10 гадоў. Раней праваслаўныя святары ездзілі ў Гожу, дзе некалі размяшчаўся цэх.

Купіць бутэльку з асвечанай вадой можна будзе каля кожнага праваслаўнага храма ў Гродне, пачынаючы з 18 студзеня. Цана адной бутэлькі 3 рублі.