Выхаванец гродзенскага «Нёмана», а цяпер галкіпер французскага «Нансі» Сяргей Чэрнік трапіў у сімвалічную зборную 20-га тура французскай Лігі 1 па версіі выдання France Football.

У паядынку тура, які праходзіў 14 студзеня, «Нансі» атрымаў перамогу над «Басцiяй» (1:0), а Чэрнік запісаў на свой рахунак чацвёрты «сухі» матч запар. У гэтых чатырох матчах каманда гродзенца атрымала тры перамогі і адзін раз згуляла ўнічыю.

5Варта адзначыць, што Чэрнік пасля траўмы асноўнага галкіпера таксама абараняў вароты і ў гульнях Кубка Францыі. У сямі апошніх матчах гродзенец прапусціў адзін мяч.

Нагадаем, у канцы ліпеня 2016 года Чэрнік з БАТЭ перайшоў у «Нансі». Па дадзеных французскай газеты L’Est Republicain, за пераход Чэрніка БАТЭ прасіў у «Нансі» кампенсацыю ў адзін мільён еўра, але ў выніку каманды сышліся на 500 тысячах еўра.