У Гродне ўзятыя пад варту службовая асоба ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» і кіраўнік прыватнай гандлёвай фірмы. Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачало ў дачыненні да іх крымінальную справу па факце крадзяжу ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 4 арт. 210 КК). Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Затрыманых падазраюць у тым, што ў 2013−2016 гады праз створанае для крадзяжоў прыватнае гандлёвае прадпрыемства яны праводзілі закупку тавараў для патрэб мясакамбіната па заведама завышаных цэнах. Такім чынам яны зарабілі ў суме каля 83 тысяч рублёў.

З санкцыі пракурора да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Для забеспячэння кампенсацыі шкоды арыштавана іх маёмасць, у тым ліку нерухомасць і аўтамабілі.

На абодвух прадпрыемствах запланавана правядзенне фінансавых праверак, канфіскавана і вывучаецца фінансава-гаспадарчая і дагаворная дакументацыя, дапытваюцца кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў, праводзяцца іншыя следчыя і працэсуальныя дзеянні.