Буйны міжнародны рок-фестываль з удзелам зорак сусветнага ўзроўню правядуць летам 2017 года на Аўгустоўскім канале, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык.

Фестываль плануецца арганізаваць у апошні месяц лета пад назвай «Рок-жнівень». Ён пройдзе ў развіццё руху «Рок за Спорт», пачатак якому ў Беларусі паклаў канцэрт у Мінску ў снежні 2016 года з удзелам U.D.O. Dirkschneider і CherMen. На пляцоўку на беразе папулярнага турыстычнага аб’екта ў Гродзенскім раёне змогуць прыехаць рок-гурты з розных краін, зарэгістравацца для ўдзелу можна будзе на спецыяльным сайце.

Пазней стане вядома, якія менавіта рок-зоркі выступяць на гэтым музычным форуме.

«Гэта будзе першае музычнае мерапрыемства такога маштабу ў бязвізавай зоне на канале. Арганізатары ўпэўненыя, што міжнародны канцэрт у бязвізавай зоне выкліча цікавасць у гасцей і музыкаў з розных краін. Змогуць прадэманстраваць сябе перад шырокай міжнароднай публікай і беларускія рок-гурты. Фестываль на беразе жывапіснага канала зможа прыняць каля 15 тыс. гледачоў», — растлумачыў суразмоўца і дадаў, што фестываль не плануецца як камерцыйны, білет будзе каштаваць сімвалічна для падобнага мерапрыемства.