Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Беларусь устанавіла бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY

Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян». Дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за 5 сутак пры ўездзе праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Мінск» для грамадзян 80 дзяржаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданезію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы.
У першую чаргу гэта спрыяльныя ў міграцыйным плане краіны, стратэгічныя партнёры Беларусі і дзяржавы, што ў аднабаковым парадку ўсталявалі бязвізавы рэжым у дачыненні да беларускіх грамадзян. Новыя правілы ахопліваюць таксама такую катэгорыю, як неграмадзяне Латвіі і асобы без грамадзянства Эстоніі.

Дакумент накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнесменаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарта, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, што ажыццяўляюць афіцыйныя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу прымацца не будуць.
Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент, для выезду за мяжу, якi яго замяняе, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым двум базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўра, які дзейнічае ў Беларусі.
Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб ўездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем ў іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу 5 дзён з даты ўезду. Устаноўлены парадак  бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама якія маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расіі (дадзеныя рэйсы з’яўляюцца ўнутранымі, пагранічны кантроль на іх не ажыццяўляецца).
Указ уступіць у сілу праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, што раней гадавая беларуская віза абыходзілася еўрапейцам ў 150 еўра. З 2017 года кошт віз быў зніжаны. У 2016 годзе Беларусь таксама дазволіла замежнікам без візы наведваць Аўгустоўскі канал, Гродна і Гродзенскі раён, яшчэ раней — Белавежскую пушчу.

Чытайце яшчэ:  Сляпы паэт у стогадовай хаце. Распачаўся збор сродкаў для Алеся Чобата
comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары