Мінскі заапарк прапанаваў жыхарам сталіцы прыносіць навагоднія елкі ў звярынец на корм жывёлам. Такая практыка ў Мінску існуе не першы год. У гродзенскім заапарку, наадварот, ад гэтай практыкі адмовіліся некалькі гадоў таму.

Намеснік дырэктара Гродзенскага заапарка Віталь Гуменны расказаў, што елкi яны прымалi пару гадоў.

«Нам Гарсвятло прапаноўвала пасля святаў [забраць елкі], але мы ўжо гады два як адмовіліся. З-за гэтых елак вельмі шмат смецця. Раней яны пераважна ішлі на подсціл жывёлам. Што тычыцца корму, то з елкі жывёлам патрэбныя амаль выключна пупышкі».

Віталь Гуменны патлумачыў, што калі гродзенскі заапарк мае патрэбу ў елках, то яны пасылаюць запыт у лясгас. Пасля лесапавалу заапарку прадастаўляюць ельнік у патрэбнай колькасці.