Увечары 24 снежня ў лютэранскай кірсе прайшла вячэрняя літургія з нагоды Вігіліі Божага Нараджэння. У гэтым годзе ў храме перад набажэнствам прайшоў канцэрт навучэнцаў гродзенскай музычнай школы, а пасля пастар Уладзімір Татарнікаў прачытаў пропаведзь i павіншаваў вернікаў са святам.

Па традыцыі менавіта ў гэты дзень лютэране, католікі і частка праваслаўных упрыгожваюць елкі. Напярэдадні Раства Хрыстова на службу часта прыходзяць нават тыя, хто на працягу года рэдка заходзіць у храм. Пасля ўрачыстай імшы дома ладзяць святочную вячэру, на якой вернікі жадаюць адзін аднаму шчасця і Божага благаславення.

«У гэтым годзе мы зноў чуем словы анёла „Не бойся“. Гэтыя словы былі адрасаваныя Марыі, пастухам, а таксама і нам сёння. Асабліва ў гэты неспакойны час, якi мы назіраем вакол нас: войны, тэракты, забойствы. Але мы не павінны баяцца, бо з намі Бог, нараджэнне якога мы сёння святкуем», — сказаў Уладзімір Татарнікаў.

Завяршылася літургія галоўным гімнам Раства «Ціхая ноч», напісаным у 1818 годзе. У гэты момант святло згасла і ў кожнага ў руках запалілася свечка, якая сімвалізуе словы песні.