Ратавальнікі разам з дзецьмі і казачнымі персанажамі 15 снежня ператварылі гродзенскую пажарную вежу ў цуда-елку.

Традыцыя ўпрыгожваць 33-метровую вежу ў ратавальнікаў пачалася ў 2014 годзе. На ўключэнне святочнай ілюмінацыі штогод запрашаюць дзяцей. У гэтым годзе на свята «Бяспечная елка» запрасілі дзяцей з дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, дапаможных школ Гродна і Гродзенскага раёна

«Мы штогод праводзім такое святочнае мерапрыемства ў рамках рэспубліканскай праграмы «Нашы дзеці «. У нас на свяце праз віктарыны і конкурсы дзеці навучаюцца асновам бяспекі жыцця. Нам прыемна рабіць свята ў такім знакавым месцы. Каланча — гэта адна з візітных картак горада», — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло.

Побач з каланчой запаліліся і навагоднія агні на пажарным рэтра-аўтамабілі.

На наступны дзень, 16 снежня, у Гродне запаляць усю святочную ілюмінацыю. Адбудзецца гэта пасля шэсця Дзядоў Марозаў і казачных персанажаў. Шэсце пачнецца ў 17.30 з плошчы Савецкай.