Выстава, спевы і чытанне «Пагоні» на сямі мовах — гэта толькі частка імпрэзы «Паэзія высокага гучання», прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якая прайшла ў музеі паэта 13 снежня.

Вечар распачаўся з адкрыцця мастацкай мінівыставы, прысвечанай паэту. У гасцёўні «Доміка Багдановіча» на гасцей ужо чакаў дзявочы фальклёрны гурт «Кужаль» з каледжа мастацтваў, які прадставіў некалькі беларускіх народных спеваў. Пад час вечарыны былі ўзнагароджаныя пераможцы міжшкольнага брэйн-рынгу «Зорка Максіма Багдановіча», дзе шкаляры маглі прадэманстраваць свой узровень ведаў творчасці і біяграфіі паэта.

Прафесар Аляксей Пяткевіч перадаў з уласнай бібліятэкі ў дар для музея два рарытэтныя зборнікі: мінскае выданне першага тому зборніка паэзіі Багдановіча 1927 года, а таксама эмігранцкае выданне «Вянок паэтычнай спадчыны» 1960 года (Мюнхен-Ню-Ёрк). Студэнты прачыталі «Пагоню» на сямі мовах: беларускай, расійскай, польскай, англійскай, нямецкай, латышскай і балгарскай.

У канцы супрацоўнікі музея пацешылі маленькіх гасцей батлеечным спектаклем «Цар Ірад», пасля чаго ў гасцёўні на ўсіх чакала гарбата з пачастункамі.