Ганна Лобач прыехала ў Гродна ў красавіку 2016. За час, якi жыве ў горадзе, яна ўжо паспела стварыць серыю паштовак з выявамі гродзенскіх славутасцяў. Нядаўна мастачка паказала гродзенцам новы від перадсвяточнага роспісу вокнаў.

«Раней я тры гады жыла ў Маскве і паспяхова займалася роспісам сцен. Тут у мяне яшчэ не так шмат заказчыкаў і мне б хацелася такім чынам наладзіць камунікацыю з горадам», — кажа Ганна. Яна выканала роспіс на вакне кавярні «Проста кава». Выбрала яе не толькі з-за смачнай кавы, але і з-за выдатнага віду з акна і ўтульнага інтэр'еру.

«Я мела зняць ролік пра працэс роспісу вакна для свайго партфоліа і гэтыя фактары былі важныя. Першы раз роспіс вокнаў гады два таму ўбачыла ў інтэрнэце, зацікавілася, знайшла крэйдавыя маркеры. Ідэя не мая, але яна цяпер набірае папулярнасць і мне яна вельмі па душы», — распавядае Ганна.

Роспіс вакна ў «Проста каве» заняў Ганне 2,5 гадзіны. Маркеры, якімі яна малюе, лёгка змываюцца вадой і анучкай. Шкло не драпаецца і не псуецца. Асноўны склад маркераў гэта крэйда, вада і клей ПВА.

«Я малюю маркерамі edding. Яны бываюць з пер’ем двух відаў: 2−3 мм і 10 мм у шырыню. Бываюць розных колераў, але мне падабаецца маляваць белым, ён, на маю думку, выглядае больш высакародна. Калі не чапаць роспіс рукамі, не праціраць анучкай і не рабіць вільготную ўборку, то фарба трымаецца доўга. Сама па сабе яна не крышыцца і не адслойваецца».

Маркеры edding можна знайсці ў канцтаварах, спецыялізаваных крамах маркераў, а яшчэ часам у будаўнічых крамах — такімі маркерамі пазначаюць шкло і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Адзін маркер каштуе каля 6 рублёў. Ёсць і іншыя вытворцы, якія пазіцыянуюць свой тавар менавіта як інструмент для мастакоў.