Праваліўшы большую частку матча, хакеісты «Нёмана» здолелі ў апошнім перыядзе знайсці ў сабе сілы, каб адыграцца ў гульнi з «Дынама-Маладзечна» і перавесці яе ў авертайм. Але абыграць гасцей камандзе Сяргея Пушкова ўдалося толькі ў серыі булітаў.

Два перыяды гродзенцы нiяк не маглі знайсці сваю гульню і дазвалялi «Дынама» гуляць па іх правілах. Госці свае шанцы не выпускалі і здолелі закінуць за 40 хвілін 5 шайбаў, гродзенцы ж за той час адказалі толькі адной, вызначыўся Аляксандр Маляўка.

Але ў трэцім перыядзе падапечныя Сяргея Пушкова прадэманстравалі ўжо зусім іншую гульню. Усяго 8 хвілін спатрэбілася чырвона-чорным каб зраўняць лік, але вось дабіць суперніка ім ужо не атрымалася. Гульня працягнулася ў авертайме, але там закінутых шайбаў не было. Тады, згодна з рэгламентам чэмпіянату Беларусі, пераможца вырашаўся ў серыі булітаў. А там удачлівей былі хакеісты «Нёмана». Вырашальны булiт на рахунку Аляксандра Маляўкі.

«Нёман» — «Дынама-Маладзечна» 6:5 (бул.) (0:2, 1:3, 4:0, 0:0, 1:0)

Галы:
10.07 0: 1 — Дудко (Лапачук)
13.09 0: 2 — Воранаў (Феактыстаў, Станкевіч, — бол.)
26.11 0: 3 — Каскоў (Станкевіч, — мен.)
26.51 0: 4 — Сёмачкін (Воранаў, Феактыстаў, — бол.)
31.30 1: 4 — А.Маляўка (Марчанка, С.Маляўка, — мен.)
37.06 1: 5 — Дудко (Чэрнікаў, Зозан)
42.02 2: 5 — Коршунаў (А.Маляўка, С.Маляўка, — бол.)
43.30 3: 5 — Дарафееў (Лакканен, Стэфановіч)
44.23 4: 5 — Рэмезаў (Жыдкіх, Лісічкін)
47.29 5: 5 — Лісічкін (Жыдкіх, Казнадзей)
65.00 6: 5 — А.Маляўка (вырашальны кідок)

Пасля перамогі над «Дынама-Маладзечна» ў «Нёмана» ў актыве 62 ачкі, што дазваляе гродзенцам займаць другое месца ў турнірнай табліцы. На першым месцы ідзе «Юнацтва», у іх 65 ачкоў.

Ужо ў суботу, 10 снежня, каманда Сяргея Пушкова сустрэнецца ў Мінску з «Юнацтвам».